Сінагогу-музей у Бабруйску апаганілі літарамі Z
3.05.2022 / 11:50
Пра тое, што на сцяне сінагогі-музея ў Бабруйску з’явіліся літары Z, яшчэ ў суботу ўвечары бабруйскай габрэйскай суполцы паведамілі з Ізраіля — там убачылі фотаздымкі ў інтэрнэт-пабліках, піша «Вечерний Бобруйск».
Невядомыя намалявалі літары Z на сценах старой сінагогі ў Бабруйску. Фота: «Вечерний Бобруйск»
Тры літары Z былі намаляваныя сіняй фарбай на фасаднай сцяне сінагогі, адна з літар была «задам наперад». Адразу ж у суботні вечар надпісы паспрабаваў адмыць бабруйчанін Дзмітрый, якога пра гэта папрасіў сябра габрэйскай суполкі.
Як распавяла мясцоваму выданню «Вечерний Бобруйск» жыхарка суседняга з сінагогай дома, надпісы з’явіліся ў суботу 30 красавіка паміж 18.00 і 20.00. На браме яе дома таксама намалявалі тыя самыя літары. Жанчына нікуды не паведамляла пра надпісы, а ў нядзелю сама іх змыла са сваёй брамы.
Ачысціць сцяну сінагогі аказалася больш складана — атрымалася толькі пры дапамозе спецыяльнага сродку для выдалення лакафарбавых пакрыццяў. Дзмітрый спрабаваў змыць фарбу ацэтонам — не атрымлівалася, яна ўелася ў поры і расколіны цэглы. З металічнай шчоткай справа пайшла лепш. А неўзабаве прывезлі спецыяльны выдаляльнік лакафарбавых пакрыццяў, з ім і з упартай працай шчоткай справа пайшла.
Дзмітрый спрабуе сцерці надпісы. Фота: «Вечерний Бобруйск»
Бабруйскі рабін Шауль Хабаба выклікаў міліцыю.
«Гэта вельмі сумна, што знаходзяцца людзі, якія так сябе паводзяць, — сказаў рабін. — Гэта месца для адпачынку душы і цела, людзі адкрываюць тут свае сэрцы і моляцца. І мы молімся з усімі за мір і дабро. Вялікі дзякуй тым, хто ачысціў наш помнік!»
Рэшткі сінагогі XIX стагоддзя ў Бабруйску на перакрыжаванні вуліц Чангарскай і Бахарава цяпер з’яўляюцца музейнай пляцоўкай пад адкрытым небам. Называецца яна «Габрэйскі дворык», была адкрытая 4 жніўня 2019 года.