У Вярхоўнай Радзе Украіны прапануюць прызнаць Беларусь акупаванай Расіяй тэрыторыяй
22.10.2022 / 15:28
У Вярхоўнай Радзе Украіны зарэгістраваны праект пастановы аб прызнанні тэрыторыі Рэспублікі Беларусь часова акупаванай Расійскай Федэрацыяй. Пастанова ўтрымлівае зварот да міжнароднай супольнасці з просьбай прызнаць гэты факт.
Адзін з аўтараў праекта дэпутат Аляксей Ганчарэнка апублікаваў тэкст пастановы.
Дакументам прапануецца канстатаваць той факт, «што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца часова акупаванай тэрыторыяй, Расійская Федэрацыя — краінай-акупантам, а рэжым Лукашэнкі — нелегітымным урадам».
Плануецца зварот да дзяржаў Еўрапейскага Саюза, Злучаных Штатаў Амерыкі, іншых дзяржаў з просьбай прызнаць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь часова акупаванай Расійскай Федэрацыяй і па выніках прызнання акупацыі Беларусі Расіяй:
— пазбавіць марыянеткавага ўраду Лукашэнкі міжнароднай правасуб'ектнасці;
— спыніць удзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ і інш.) да заканчэння акупацыі і дэмакратычнага фармавання новага ўрада.
— сінхранізаваць санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі як акупаванай тэрыторыі і ліквідаваць магчымасць абыходу Расіяй санкцый праз Беларусь і выкарыстання гэтай краіны як афшорнай зоны.