«Заяву на ўсялякі выпадак я напісала». Прарасійскія актывісткі абмеркавалі, як лацінка і «Наша Ніва» сапсавалі ім жыццё
10.01.2023 / 20:36
Бухгалтарка з райцэнтра Юлія Дударэнка — адна з тых, хто змагаецца з беларускай лацінкай. Яна прыйшла на інтэрв'ю да інфаказачкі Вольгі Бондаравай, каб пажаліцца на незразумелыя ёй літары і на «Нашу Ніву», якая «даведалася пра яе ўсё».
Калаж з відэа
— Юля — знакамітасць, ведаюць яе вельмі многія, таму што Юля ў нас змагалася за рускую мову, за вяртанне рускай мовы тапонімам, — прадставіла суразмоўцу Бондарава. — Тэма нашумелая. У Саюзе журналістаў было вялікае абмеркаванне. Праўда?
— Праўда, было. І ў «Нашай Ніве» было. Яны вывучылі дэталёва чаты, у якіх я прысутнічала, за некалькі гадоў. <…> Прычым яны даведаліся пра мае прапіскі, дзе працавала, падышлі вельмі дэтальна да гэтага ўсяго…
— А як адбілася [публікацыя ў «НН»]?
— На сям'і пакуль ніяк не адбілася. Але я напісала заяву, на ўсялякі выпадак.
— Не было пагроз?
— Да гэтага, да таго, як з'явілася ў «Нашай Ніве», было тры паведамленні не вельмі добрага зместу, не вельмі культурнага, што як бы не трэба вось такое рабіць, толькі ўсё іншымі словамі, не вельмі прыгожымі. Пасля гэтага [пасля публікацыі ў «НН»] не было.
— Тэма рэзанансная, яна хвалюе вельмі вялікую колькасць людзей. Як адрэагавалі журналісты на тваю актыўнасць, на ініцыятыву, ці былі прапановы дапамагчы?
— Журналісты зладзілі цкаванне. Хоць я не разумею чаму. Я жыву ў свабоднай краіне, я маю права выказаць свой пункт гледжання на нейкую праблему.
Плюс, як напісала «Наша Ніва», я — бухгалтарка з райцэнтра, таму я маю зносіны з людзьмі, якія прыязджаюць у Мінск, ведаю, як людзі рэагуюць вось на гэтую ўсю лухту [транслітарацыю геаграфічных назваў], ведаю, што кажуць дзеці, калі прыязджаюць першы раз у Мінск, і што дзеці таксама гавораць на гэтае глупства.
Незразумела, адкуль гэта пайшло, што гэта такое. Гэта англійская? Не англійская. А калі гэта не англійская, то чаму гэта ў нас? А якія карані? Гэта дзеці гавораць настаўнікам, якія прыязджаюць з рэгіёнаў на нейкія экскурсіі. Таксама людзі, якія выраслі ў Савецкім Саюзе… У нас была і руская, і беларуская мова…
Вельмі балюча бачыць вось гэта ўсё, калі яны не былі паўгода ў Мінску, а потым прыехалі і… Мае знаёмыя трошкі ачмурэлі, але гэта, мякка кажучы, ува што ператварылі Мінск вось з гэтай вось лухтой. Таму гэта не проста там нейкія літары, нейкія закавыкі.
Ну і плюс сама я таксама не магу на гэта глядзець.
У нас дзве дзяржаўныя мовы. Трэба, каб і было дзве.