Гэта песня насмяшыла беларускі інтэрнэт. Але яшчэ цікавей тое, хто яе напісаў
5.02.2023 / 11:24
Малавядомы спявак Дзмітрый Азаранка выпусціў песню «Беларуская жонка». Прэзентаваць яе ён прыйшоў адразу на БТ, дзе вельмі нахвальвалі аўтарку слоў.
Скрыншот «Беларусь 4»
«Белорусская жена
Своим принципам верна:
Она рубит, сеет, пашет
И не жалуется даже.
И красива — загляденье,
И готовит — объеденье.
Белорусская жена
Лучше всех других она», — такі прыпеў гэтай песні.
Дзмітрый Азаранка — музыка, вядучы і рэжысёр-пастаноўшчык Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і забавы. Кажа, што халасты.
Ён нарадзіўся ў Магілёве. Там жа пачынаў сваю кар'еру і працягвае выступаць. Напрыклад, 7 сакавіка ў Дзмітрыя будзе канцэрт. Кошт квіткоў — 10 і 15 рублёў.
Раней «Веснік Магілёва» пра адзін з яго канцэртаў пісаў, што «таленавіты малады выканаўца радаваў публіку музычнымі кампазіцыямі пра каханне, размаўляў з гледачамі, часта спускаўся ў зал, каб запрасіць на танец прыхільніц розных узростаў».
Музыку да яго новай песні напісаў магілёўскі кампазітар Сяргей Папасаў.
А словы — Ганна Сялук. Гэта творчы псеўданім Ганны Сяргееўны Лукашэнка — нявесткі Аляксандра Лукашэнкі, якая нарадзілася ў Шклове.
Яе асобу раней раскрыў Сяргей Чалы ў расследаванні. За два гады яна паспела напісаць песні для МУС, МНС, арміі і нават гімн пракуратуры. А таксама трэкі «Ах, Аляксандр» і «Бульба-дэнс».
Кампазіцыі на яе словы выконваюць Юлія Быкава, Анатоль Ярмоленка, Алена Ланская, Ірына Дарафеева, Руслан Аляхно, Аляксандр Саладуха, Аляксандра Гайдук, Зінаіда Фурор.
Сама «Сялук» непублічная, але ў інтэрв'ю таго ж выканаўцы «Беларускай жонкі» першай справай пытаюцца не пра яго, а пра аўтарку слоў.
«Яна паглядзела мяне ў інстаграме, сказала: «Ты такі вясёлы, актыўны. Давай паглядзім з табой вясёленькае штосьці для тэмы песні». На наступны дзень у мяне ўжо ляжаў тэкст», — расказаў Азаранка.
Вядучы БТ рассыпаў у адрас Сялук нямала кампліментаў.