Літва прапануе запрасіць Украіну ў НАТА
6.04.2023 / 15:33
Літоўскі парламент, Сейм, прыняў рэзалюцыю аб асноўных мэтах краіны на саміце НАТА ў Вільні, запланаваны на 11-12 ліпеня. У дакуменце прапануецца запрасіць Украіну ў Альянс і забяспечыць Кіеву «поўную падтрымку практычнымі мерамі».
За рэзалюцыю аднагалосна прагаласавалі ўсе 129 дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні (усяго іх у Сейме 141). Старшыня парламенцкага Камітэта па міжнародных справах Жыгімантас Павілёніс заявіў, што запрашэнне Кіева ў Альянс «абвергне права вета Расіі па ўступленні Украіны» і зробіць саюз больш трывалым, умацаваўшы тым самым літоўскую бяспеку.
У канцы верасня мінулага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі і абароны абвясціў, што краіна падае заяўку на ўступленне ў НАТА ў паскораным парадку. «Дэ-факта мы ўжо прайшлі свой шлях у НАТА. Дэ-факта мы ўжо даказалі сумяшчальнасць са стандартамі Паўночнаатлантычнага альянсу», — заявіў ён.
Масква неаднаразова заяўляла, што лічыць магчымае ўступленне Украіны ў НАТА крытычнай пагрозай сваёй бяспецы. Перад лютаўскім уварваннем ва Украіну Крэмль патрабаваў не дапусціць уступлення Украіны ў Альянс.
Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг ужо пасля пачатку ўварвання заяўляў, што дзверы для ўступлення Кіева ў Альянс адчыненыя, але цяпер увага засяроджана на падтрымцы абароны Украіны ад расійскага ўварвання. Многія ваенныя эксперты мяркуюць, што ўступленне краіны немагчыма як мінімум да завяршэння актыўных баявых дзеянняў.