Прэзідэнт Латвіі назваў тры фактары, якія прымусяць Крэмль спыніцца ва Украіне
29.09.2023 / 14:34
Эдгар Рынкевіч мяркуе, што падзеі ва Украіне не могуць разгортвацца «як у галівудскім фільме з дзвюма гадзінамі падзей і развязкай за 20 хвілін».
Фота: Richard Drew / AP
Прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч мяркуе, што расійскае кіраўніцтва прымусяць задумацца аб спыненні вайны тры фактары, піша «Еўрапейская праўда».
Рынкевіч зазначыў, што падзеі ва Украіне не могуць разгортвацца «як у галівудскім фільме з дзвюма гадзінамі падзей і развязкай за 20 хвілін».
На ягоную думку, «цяпер стратэгія Расіі — проста працягваць вайну ў надзеі, што мы ўсе стаміліся», таму ўсім «трэба працягваць падтрымліваць Украіну ўсім чым можам і таксама паклапаціцца пра ўласную абараназдольнасць».
Прэзідэнт Латвіі назваў тры фактары, якія могуць прымусіць Крэмль задумацца аб спыненні вайны.
«Па-першае, гэта ўсведамленне, што Захад гатовы падтрымліваць Украіну незалежна ад таго ці іншага павароту падзей. Пуцін разумее, што не зможа супрацьстаяць сукупнаму эканамічнаму патэнцыялу ЗША, Канады і ЕС.
Па-другое, саюзнікі Украіны павінны паказаць, што поўныя рашучасці павялічыць абаронны прамысловы патэнцыял і вырабляць усе снарады, боепрыпасы, ракеты, беспілотнікі і танкі, у якіх мае патрэбу Украіна, папаўняючы пры гэтым свае ўласныя запасы.
Па-трэцяе — гэта прагрэс Украіны на полі бою, які прадэманструе Расіі, што ўсе мары аб паўторным захопе ўжо вызваленых Украінай тэрыторый бессэнсоўныя».
Чытайце таксама:
Сейм Латвіі ўхваліў забарону рускай мовы ў грамадскіх СМІ
Прэзідэнт Латвіі патлумачыў, чаму ён дае інтэрв'ю рускамоўным медыя па-латышску