БЕЛ Ł РУС

Свет

Беларусь і яшчэ тры краіны сарвалі міжнародныя перамовы аб «крывавых алмазах»

14.11.2023 / 10:5

Nashaniva.com

«З канфліктам і замяшаннем» скончылася чарговае паседжанне ў рамках Кімберлійскага працэсу аб маніторынгу «крывавых алмазаў», продаж якіх дапамагае фінансаваць войны па ўсёй планеце. Адной з вінаватых у правале перамоваў аказалася Беларусь.

Ілюстрацыйная выява. Фота: Daniel Grizelj / Getty Images

Беларусь, Расія, Кыргызстан і Цэнтральнаафрыканская рэспубліка (ЦАР) завялі ў тупік перамовы ў рамках Кімберлійскага працэсу (КП), на якіх краіны-чальцы КП пераважнай большасцю намагаліся пашырыць вызначэнне тэрміну «крывавыя алмазы».

«Абмяркоўвалася дадаванне пункту, што продаж гэтых нелегальна здабытых алмазаў фінансуе не толькі паўстанцкія групы, але і дзяржаўныя суб'екты любой асобнай краіны, якія вядуць вайну супраць урада іншай краіны», — піша часопіс Jeweller.

Пад новае пашыранае вызначэнне ў выпадку паспяховага прыняцця падпалі б і неапрацаваныя алмазы, якія здабываюцца ў Расіі і прадаюцца за мяжу ў абыход санкцый.

Як адзначыў часопіс Jeweller, нядаўняе паседжанне Кімберлійскага працэсу было сабрана якраз для супрацьдзеяння Расіі ў яе фінансаванні вайны супраць Украіны з дапамогай продажу алмазаў. Але перамовы зайшлі ў тупік з-за Расіі і некалькіх яе саюзнікаў.

«Беларусь, Расія, Кыргызстан і ЦАР назвалі прапанову аб пашырэнні паняцця «крывавых алмазаў» палітычна матываванай, а таксама моцна зацягнулі па часе само пасяджэнне, чым справакавалі на ім канфлікт і замяшанне. Перамовы скончыліся нічым», — перадае часопіс Jeweller.

Кааліцыя грамадзянскай супольнасці Кімберлійскага працэсу (наглядальны орган пры самой арганізацыі) выказала расчараванне вынікамі паседжання.

Кіраўнік кааліцыі Мішэль Ёбуэ заявіў, што «неабходна разарваць сувязь паміж алмазнай галіной і вайной супраць Украіны, бо фінансаванне гэтай вайны з дапамогай алмазаў падрывае адказнае вядзенне бізнэсу».

Сам Кімберлійскі працэс быў зацверджаны ААН яшчэ ў 2003 годзе. Арганізацыя была створана для кантролю і маніторынгу алмазнай галіны ва ўсім свеце (і асабліва ў Афрыцы), каб нелегальна здабытыя алмазы («крывавыя алмазы») не траплялі на рынкі збыту і не дапамаглі фінансаваць тэрарызм. КП можа таксама забараняць імпарт алмазаў з пэўных краін.

На дадзены момант у склад арганізацыі ўваходзяць 85 краін, уключаючы ЗША, Еўрасаюз, Расію, Кітай, шэраг афрыканскіх дзяржаў і Беларусь, якая намагаецца стаць старшынёй арганізацыі ў 2024 годзе.

Чытайце таксама:

У зямной кары выяўлены квадрыльён тон алмазаў — дастаць іх няма як

Беларусь з групай дыктатарскіх рэжымаў спрабавала праз ААН асудзіць санкцыі супраць сябе. Але нават Кітай не падтрымаў

За кулісамі Генасамблеі ААН: вось як Лукашэнка прайграў Славеніі 38:153

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула