Адшукалі чалавека, які, меркавана, пераводзіў грошы Алегу Аксёнаву ад КДБ
20.11.2023 / 17:42
Учора ў эфіры АНТ паказалі, на якое імя быў зарэгістраваны рахунак, з якога КДБ плаціў Аксёнаву. Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга» расказаў, што разам з «Кіберпартызанамі» яны адшукалі гэтага чалавека.
Антон Лемешаў. Фота: тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу»
Мяркуецца, што гэтым чалавекам быў Антон Лемешаў. Яму 25 гадоў, родам з Магілёва. Па звестках, якія тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозга» перадалі «Кіберпартызаны», ён праходзіў тэрміновую службу ва ўнутраных войсках.
Мы даведаліся таксама, што з верасня 2013-га па май 2016-га Антон вучыўся ў Магілёўскім прафесійным ліцэі № 5 на станочніка дрэваапрацоўчых станкоў. Імаверна, пасля вучыўся ў Беларуска-расійскім універсітэце ў Магілёве, але незразумела, ці скончыў яго — на 2020-ы ён указваў, што ў яго сярэдняя спецыяльная адукацыя. А ў 2020-м шукаў працу разнарабочым у Магілёве.
Рэзюмэ Антона. Фота: flagma.by
Па звестках «Кіберпартызанаў», ён шмат ездзіў у Польшчу, а пра ягоную працу ў Беларусі нічога невядома.
Якая ягоная роля ў аперацыі па «разводзе» Аксёнава і дзеля чаго АНТ вырашыла паказаць ягоныя імя і прозвішча (наўрад ці выпадкова) — гэта галоўная загадка.
Мы паспрабавалі задаць пытанні Антону, але ён заблакаваў нашага журналіста паўсюль, дзе той яму пісаў.
Нагадаем, актывіст і юрыст Алег Аксёнаў стаў ахвярай спецаперацыі КДБ — пад выглядам еўрапейскай арганізацыі яго папрасілі хадзіць на мерапрыемствы і «пераправяраць» тое, як трацяцца гранты ЕС. За гэта яму плацілі.
У суботу чэкісты раскрылі карты — яны праплацілі Аксёнаву «семінар па бяспецы» ў Беларускім моладзевым хабе, але ў эфір пад выглядам «спонсара і арганізатара» выйшлі намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак і прапагандыст Ігар Тур.
Чытайце таксама:
«Нават такія сівыя бабры патрапляюць у пастку». Алег Аксёнаў патлумачыў, як яго развёў КДБ