Вось што важна для захавання здароўя вашых зубоў
23.12.2023 / 17:20
Лепш з'есці адну шакаладку за раз, чым на працягу дня некалькімі часткамі. А апельсінавы сок лепш піць праз саломінку. Што яшчэ раяць спецыялісты?
Фота: Наша Ніва
Вядома, што ад здароўя зубоў залежыць агульнае здароўе чалавека. Даследаванні паказваюць, што наяўнасць парадантыту ўплывае на развіццё такіх захворванняў, як дыябет, хваробы сэрца, рэспіраторныя інфекцыі і дэменцыя.
Так, падчас кавіду навукоўцы выявілі, што вірус гэтай хваробы пранікаў у арганізм у абыход дыхальных шляхоў праз хворыя дзясны.
Вядома, што салодкае дрэнна ўплывае на зубы. Але спецыялісты звяртаюць увагу, што тут важнейшая не колькасць цукру, а частата ўжывання салодкага. Калі вы збіраецеся зʼесці што-небудзь салодкае, зʼешце ўсё адразу — на працягу 5-10 хвілін. Лепш адразу зʼесці цэлую шакаладку, чым падзяліць яе на некалькі частак і есці на працягу дня.
Спецыялісты медыцынскага цэнтра Рочэстэрскага ўніверсітэта (ЗША) рэкамендуюць ужываць салодкае падчас асноўнага прыёму ежы, калі выдзяляецца больш сліны, якая служыць буферам, што абараняе вашыя зубы ад цукру і кіслаты.
Але не толькі салодкае шкодна. Такі ж негатыўны эфект аказвае празмернае ўжыванне натуральных сокаў з цытрусавых, а таксама газаваных безалкагольных напояў. Навукоўцы высветлілі, што кіслата ў апельсінавым соку аказвае негатыўнае ўздзеянне на зубную эмаль, прыкметна памяншаючы яе цвёрдасць.
Калі вы не гатовыя адмовіцца ад соку з цытрусавых, то піце яго праз саломінку. Тык вы мінімізуеце яго негатыўнае ўздзеянне на эмаль зубоў. Для большай упэўненасці прапалашчыце рот вадой пасля таго, як скончыце піць.
Лекары ні ў якім разе не рэкамендуюць чысціць зубы адразу пасля ўжывання соку з цытрусавых ці газаваных і энергетычных напояў. Такія напоі акрамя вялікай колькасці цукру ўтрымліваюць фосфарную і лімонную кіслоты, якія негатыўна ўплываюць на эмаль зубоў. Разумна пасля іх ужывання вытрымаць паўзу ў паўгадзіны.
Знізіць рызыку разбурэння зубоў з-за прадуктаў, якія вы ўжываеце, дапаможа таксама абмежаванне колькасці перакусаў. А для саміх перакусаў выбірайце што-небудзь пажыўнае. Напрыклад, садавіну і гародніну, багатыя клятчаткай (морква, агурок, яблык, персік), сыр, малако, просты ёгурт.
Фота: Jonathan Knowles / Getty images
Гародніна і садавіна спрыяюць натуральнаму ачышчэнню паверхні зубоў ад налёту. А кальцый і фасфаты ў малацэ, сыры і іншых малочных прадуктах дапамагаюць аднавіць зубную эмаль і колькасць мінералаў, якія вашыя зубы маглі страціць з-за іншых прадуктаў.
Умацаванню зубоў і ўзмацненню агульнага імунітэту арганізму дапамагаюць вітаміны і клятчатка, якія змяшчаюцца ў зеляніне (кроп, пятрушка, сельдэрэй, шпінат).
Станоўчы эфект мае ўжыванне вады. Асабліва ўзбагачанай фторам. Дарэчы, фторам (а таксама кальцыем) багатыя грэцкія арэхі і міндаль. Апошні таксама вядомы абязбольваючым дзеяннем.
Прадухіленню карыесу дапаможа таксама чай. Як зялёны, так і чорны, ён змяшчае поліфенолы, якія забіваюць бактэрыі.
А пасля перакусу рэкамендуецца пакласці ў рот жавальную гумку без цукру, каб павялічыць выдзяленне сліны, якая дапаможа вымыць ежу і кіслату.
Ну а найлепшы спосаб падтрымліваць добрае здароўе зубоў — прытрымлівацца класічных парадаў па доглядзе за зубамі, уключаючы чыстку зубоў два разы на дзень і выкарыстанне зубной ніткі кожны дзень.
Чытайце яшчэ:
Стаматолаг з Капыля запярэчыў чыноўнікам: Зніжаць цэны — мы пацерпім страту
Навукоўцы хочуць лекаваць карыес з дапамогай ствалавых клетак
«Патраціў 8 тысяч даляраў на зубы». У колькі беларусам абыходзяцца стаматалагічныя паслугі?