Хлопец з Ліды замест ваенкамата пайшоў на аперацыю на носе — і атрымаў год хіміі за ўхіленне ад войска
2.01.2024 / 11:43
Жыхар Ліды падчас прызыўной кампаніі ўзяў бальнічны, каб выправіць перагародку ў носе. У гэтым убачылі намер на ўхіленне ад прызыву і асудзілі мужчыну на год «хіміі». Адпаведнае рашэнне суда Лідскага раёна вынесена 11 кастрычніка ў выязным пасяджэнні ў раённым ваенкамаце, піша Hrodna.life.
Ілюстрацыйнае фота
На судзе стала вядома, што лідчанін не прыйшоў на медагляд па позве, хоць атрымаў яе пад подпіс. Той пагадзіўся: сказаў, што прайшоў агляд для ваенкамата амаль ва ўсіх дактароў. А потым прыйшоў у Лідскую цэнтральную раённую бальніцу і атрымаў бальнічны праз прастуду як навучэнец. На пытанне медыка ён схлусіў, што не з'яўляецца прызыўніком.
На паўторны прыём у бальніцы хлопец не з'явіўся. З просьбай падоўжыць бальнічны прыйшла яго бабуля, але ёй адмовілі. У той жа дзень лідчанін з'ехаў з горада і да канца прызыву так і не прайшоў агляд у псіхіятра. У іншым горадзе ён папрасіўся ў бальніцу прайсці аналізы і шпіталізавацца са зрушэннем насавой перагародкі. Прастуды ў яго ўжо не было. Таму ў гэтым угледзелі намер на ўхіленне і прысудзілі яму год «хіміі».
Хлопца пакінулі пад падпіскай аб нявыездзе. У снежні прайшла апеляцыя ў Гродзенскім абласным судзе. Лідчанін і ягоны адвакат прасілі прызначыць яму пакаранне ў выглядзе штрафу.
Прызыўнік адзначыў, што ў яго быў бальнічны на час прызыву, потым ён працягнуў праходзіць абследаванне і лячэнне — у тым ліку медыцынскую рэабілітацыю па каленным суставе, — і таму не мог прыйсці на агляд. А калі змог — прыйшоў і распавёў пра хваробу.
Але суд адзначыў, што хлопец з'ехаў з Беларусі ў Расею — і не паведаміў пра гэта ваенкамату. І вырашыў пакінуць прысуд без змены, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.
Чытайце таксама:
Ухілісту з Лунінеччыны далі гіганцкі штраф
Хлопца, які замест таго, каб ісці ў армію, падаўся ў мадэлі ў Карэі, вырашылі строга не караць
Мінабароны папярэдзіла беларусаў пра «адміністрацыйку» за няправільна пададзены нумар тэлефона
Позва па SMS — юрысты тлумачаць, што хочуць змяніць у законе. Ёсць важныя моманты