Абноўленыя Канцэпцыю нацбяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі вынесуць на зацвярджэнне УНС
16.01.2024 / 11:14
Лукашэнка праводзіць пасяджэнне Рады бяспекі, якое прысвечана разгляду двух дакументаў стратэгічнага планавання — праектаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі, паведамляе БелТА.
УНС у лютым 2021 года
Значнасць мерапрыемства, паводле слоў Лукашэнкі, абумоўлена і той акалічнасцю, што па новай Канстытуцыі абодва дакументы зацвярджаюцца «Усебеларускім народным сходам».
«Вы ведаеце абстаноўку не горш за мяне. Ключавыя напрамкі трансфармацыі сучасных рызык, выклікаў і пагроз у сферы нацыянальнай бяспекі даволі падрабязна выкладзены ў Канцэпцыі і Ваеннай дактрыне.
І многія закладзеныя там адзнакі і прагнозы ўжо спраўджваюцца. Паглядзіце, што адбываецца на Блізкім Усходзе. Гэта найстрашэнная гуманітарная катастрофа», — заявіў Лукашэнка падчас нарады.
Ён запатрабаваў нефармальна падысці да падрыхтоўкі новай Канцэпцыі.
«Вынесці яе на шырокае грамадскае абмеркаванне з прыцягненнем прадстаўнікоў навуковай і экспертнай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі. Грунтоўна абмеркаваць гэты дакумент, спытаць меркаванне людзей. Бо гарантаванне нацыянальнай бяспекі — гэта наша агульная задача. Кожнага грамадзяніна Беларусі», — дадаў ён.