Літва праверыць 18 тысяч беларусаў, якія пасяліліся ў краіне да ўведзеных у 2022 годзе абмежаванняў
27.02.2024 / 13:42
Са слоў кіраўніка Дэпартамента міграцыі Эвеліны Гудзінскайце, гэтыя людзі павінны будуць запоўніць апытальнік, які цяпер запаўняюць беларусы, якія прыязджаюць у Літву, піша Delfi.lt.
«Мы зоймемся праверкай усіх беларусаў, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў Літве па працы да таго, як пачалі выкарыстоўваць апытальнік. У Літве такіх беларусаў каля 18 000, да 20 000», — сказала Гудзінскайце.
Варта адзначыць, што многія беларусы ўжо запаўнялі такі апытальнік.
Паводле яе слоў, калі з'явіцца негатыўная інфармацыя пра чалавека, то ДМ будзе звяртацца ў Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ). Далейшыя дзеянні будуць залежаць ад высноў ДДБ.
«Незапаўненне апытальніка будзе расцэньвацца не на карысць чалавека. Адказы таксама будуць ацэнены. Калі ў адказах будзе знойдзена адмоўная інфармацыя, будзем кансультавацца з ДДБ. Калі ДДБ пакажа, што чалавек уяўляе пагрозу нацбяспецы, то такога чалавека пазбавяць дазволу на жыхарства», — заўважыла Гудзінскайце.
З лістапада 2022 г. расіяне і беларусы, якія ўязджаюць у Літву, павінны запаўняць спецыяльны апытальнік і выказаць сваё стаўленне да вайны Расіі ва Украіне. Пасля з'яўлення гэтага апытальніка 2041 грамадзянін гэтых краін прызнаны пагрозай нацбяспекі Літвы (1644 беларусаў, 397 расіянаў).
Чытайце таксама: