У Празе адкрыўся Офіс дэмакратычных сіл Беларусі
27.03.2024 / 0:2
У сталіцы Чэхіі афіцыйна адкрыўся Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі. Ім будзе кіраваць Крысціна Шыянок, адна з лідарак беларускай супольнасці ў гэтай краіне.
Святлана Ціханоўская ўручае Яну Ліпаўскаму Крыж добрасуседства. Фота: t.me/CabinetBelarus
На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі, а таксама паслы, дэпутаты чэшскага парламента, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі і Чэхіі, паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет.
«Адкрыццё гэтага офіса пачынае новую старонку ў нашым супрацоўніцтве. Ён пасылае моцны сігнал беларускаму народу, які змагаецца за свабоду: Вы не самотныя ў сваёй барацьбе, мы падтрымліваем вас. Адкрыццё гэтага офіса сведчыць аб тым, што вы адрозніваеце злачынны рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа», — заявіла на адкрыцці Ціханоўская.
У сваю чаргу, Ян Ліпаўскі выказаў надзею, што офіс будзе садзейнічаць падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл, незалежных СМІ і палітвязняў, а таксама будзе служыць мостам паміж грамадзянскай супольнасцю Беларусі, Чэхіі і Еўропы.
Напрыканцы цырымоніі Святлана Ціханоўская ўручыла Яну Ліпаўскаму ўзнагароду — Крыж добрасуседства.
Чытайце таксама:
Ціханоўская ўзнагародзіла прэзідэнта Чэхіі Крыжам добрасуседства
Вячорка расказаў, што Офіс Ціханоўскай можа прапанаваць беларусам унутры краіны