Літва не збіраецца закрываць яшчэ адзін пункт пропуску на мяжы з Беларуссю
18.04.2024 / 22:44
Каментар прадстаўніка літоўскіх уладаў атрымала «Люстэрка».
Пункт пропуску «Беняконі» (з літоўскага боку «Шальчынінкай»). Фота: logist.today
Літва цяпер не разглядае пытанне аб закрыцці яшчэ аднаго памежнага пераходу на мяжы з Беларуссю.
«Інфармацыя, распаўсюджаная расійскай газетай «Коммерсант», не адпавядае рэчаіснасці. Пытанне аб закрыцці памежнага пункта пропуску «Шальчынінкай» цяпер не разглядаецца», —
заявіў прадстаўнік аддзела па сувязях з грамадскасцю і СМІ Дэпартамента ўрадавых камунікацый Літвы.
На мяжы Беларусі і Літвы працуюць два пункты пропуску: «Мядзінінкай» («Меднікі») і «Шальчынінкай». Расійскае выданне «Коммерсант» паведамляла, што Літва закрые пераход «Шальчынінкай» у пачатку мая.
Пачынаючы са жніўня 2023 года ўлады Літвы закрылі чатыры пераходы на мяжы з Беларуссю. Ва ўрадзе лічаць, што рашэнне было паспяховым: толькі за сакавік колькасць літоўцаў, якія вандруюць у Беларусь, скарацілася на 60%. Літоўскія ўлады мяркуюць, што цяпер куды менш грамадзян краіны могуць трапіць пад уплыў беларускіх спецслужбаў.
Літва не разглядае магчымасць частковага альбо поўнага аднаўлення працы закрытых пунктаў пропуску.