Лукашэнка стане старшынёй УНС адначасова з прэзідэнцтвам. Намеснікам будзе Косінец
24.04.2024 / 16:14
64-гадовы выхадзец з-пад Оршы даўно працуе ў вышэйшых эшалонах улады. У 2014—2016 гадах ён быў кіраўніком ягонай Адміністрацыі. Апошнія гады ён працаваў дарадцам Лукашэнкі.
Аляксандр Косінец (другі справа) на Усебеларускім народным сходзе 24 красавіка. Скрыншот з відэа
Да прыходу на дзяржаўную службу Аляксандр Косінец зрабіў выдатную кар’еру ў медыцыне. Ён быў вядомым у краіне хірургам, ужо ў 37 гадоў стаў прафесарам. Пабываў таксама рэктарам Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта.
Лукашэнка ў свой час характарызаваў Косінца як вельмі гарачага чалавека, а на сённяшнім УНС таксама адзначыў ягоную рэзкасць, лічачы гэта станоўчай якасцю.
«Гэта працаголік і патрыёт. Я нават у свой час засумняваўся. Думаю, ці не стаіць хто-небудзь адтуль — ці з Усходу, ці з Захаду — за спінай гэтага чалавека: ён настолькі быў рашучым у выкананні тых даручэнняў, якія я яму даваў. Часта я правяраў яго гэтымі даручэннямі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка сваім асіплым голасам у кароткай рэпліцы пра Касінца. — Косінец якім быў, такім і застаўся — надзейным і патрыятычным чалавекам», — падсумаваў ён.
Чытайце таксама: «Ды ён усіх закалупаў!» Упершыню ў Лукашэнкі з'явіўся намеснік. Хто ён — Аляксандр Косінец?
У той жа час, калі Косінец узначальваў Адміністрацыю Лукашэнкі, апошні не раз рэзка крытыкаваў яго за няздольнасць вырашыць кадравыя пытанні, а таксама за тое, што адміністрацыя не зʼяўляецца цэнтрам, які прапаноўвае практычныя рашэнні.
Інсайдары казалі, што Косінец тады нажыў сабе нямала ворагаў у дзяржаўным апараце, бо ўлазіў у кожную справу, быў ініцыятыўна актыўным.
У 2005—2008 гадах ён быў намеснікам прэм'ер-міністра, а ў 2008—2014-м кіраваў Віцебскай вобласцю.
У снежні 2016 годзе, неўзабаве па сканчэнні выбараў у Палату прадстаўнікоў, Косінец быў звольнены з пасады кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, а праз паўгода быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі. Гэтую пасаду ён і займаў амаль сем гадоў.
Чытайце таксама:
Як складаліся лёсы былых кіраўнікоў Адміністрацыі Лукашэнкі
Прапагандыст Тур, які крытыкаваў сонных чыноўнікаў на нарадах, сам заснуў падчас прамовы Лукашэнкі
Крайне хрыплы Лукашэнка пачаў выступ на УНС з ваяўніча антызаходняй рыторыкі
Хто яна, дэлегатка УНС з самай арыгінальнай прычоскай? ФОТАФАКТ
Без мікрахвалёўкі або планшэта — што падарылі дэлегатам УНС гэтым разам