«Цяперашні крызіс беларускага IT не часовы, а фундаментальны» — аналітык
2.05.2024 / 20:46
Бізнэс-аналітык называе прычынай не толькі рост штучнага інтэлекту, але і пераарыентацыю амерыканскага аўтсорсу на іншыя рэгіёны планеты, найперш Лацінскую Амерыку, а таксама слабасць беларускай адукацыі.
Беларускі мільянер Юрый Мельнічак спрагназаваў крызіс у ІТ і ў Парку высокіх тэхналогій, у прыватнасці, які быў арыентаваны на вялікія аўтсортынгавыя кампаніі, а цяпер згортваецца ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
«Мельнічак усё правільна кажа, але ёсць некалькі момантаў, якія дапаўняюць карціну,— сказаў «Нашай Ніве» беларускі бізнэс-аналітык, які працуе ў сферы ІТ. — Цяперашні крызіс беларускага IT, здаецца, не часовы, ён фундаментальны. Тут галоўнае тое, што IT у Беларусі (і агулам ва Усходняй Еўропе) перастала быць сацыяльным ліфтам, і гэта была б добрая тэма для артыкула. А прычына тут комплексная, не толькі рост штучнага інтэлекту. З таго, што я бачу:
1. Амерыканскія замоўцы апошнія гады пераарыентоўваюцца на Лацінскую Амерыку.
Так, якасць кадраў там пакуль што горшая, але і рэйты спецыялістаў у разы меншыя. Беларусы і ўкраінцы выходзяць неадэкватна дарагімі на аўтсорс, прасцей наняць і навучыць сальвадорцаў і калумбійцаў. Плюс амерыканцам прасцей з LatAm, бо адна таймзона і культурна яны ўсё ж бліжэйшыя (асабліва з лацінасамі ЗША). Плюс у Лацінскай Амерыцы свой унутраны рынак і інфраструктура з'яўляецца для стартапаў. Нездарма аўтсорс кшталту ЕПАМа адкрывае ўсё новыя і новыя офісы там.
2. Мельнічак пра гэта згадваў, але не раскрыў: дэглабалізацыя, прычым не толькі разрыў ідзе на Захад, Кітай і Расію, але нават ЗША і Еўропа разыходзяцца.
ЕС уводзіць усё больш і больш рэгуляцый у сферы (кшталту General Data Protection Regulation), і амерыканскія кампаніі пакуль што іх стараюцца выконваць, але калі іх будзе больш і больш, а складанасць іх выканання перавысіць патэнцыйны прыбытак ад еўрапейскага рынку, амерыканскім тэхналагічным гігантам можа стаць проста нецікава, і рынак падзеліцца. І еўрапейскі рынак возьмуць пад сябе немцы і французы.
3. Уплывае і вайна. Многія амерыканскія замоўцы проста перасталі наймаць нават украінцаў, не кажучы ўжо пра беларусаў. Салідарнасць салідарнасцю, а бізнэс-рызыкі ніхто не адмяняў.
4. Беларускія аўтсорс-кампаніі, якія рэлакавалі сваіх супрацоўнікаў у Польшчу/Літву, без ільготаў ПВТ, калі яны вымушаныя плаціць падаткі як усе, проста неканкурэнтаздольныя.
І гэта таксама праблема. Нават у польскіх і літоўскіх кампаній рэйты вышэйшыя, не гаворачы ўжо пра амерыканскія FAANGі.
Неканкурэнтаздольныя, бо нізкая якасць менеджменту і іншых упраўленцаў. Нізкая якасць менеджменту, бо ў Беларусі ідэалагізаваная і нізкаякасная вышэйшая адукацыя.
Я думаю, што гэта не проста цыклічны спад, а што гэтая гісторыя надоўга. Беларускаму аўтсорсу капут. А прадуктовых паспяховых кампаній у такіх сацыяльна-палітычных умовах у Беларусі не з’явіцца»,— мяркуе бізнэс-аналітык.
Чытайце таксама:
«Не ўсё так блага». Што будзе са студэнтамі-айцішнікамі ў ЕГУ без EPAM
EPAM раптоўна выйшаў з праграмы падрыхтоўкі айцішнікаў у ЕГУ
IT ужо не тое? Навучанне якім прафесіям зараз моднае ў беларусаў
«Тут IT не панацэя». Беларус расказаў, як яно — вучыцца ў Нарвегіі
Лукашэнка ўпэўнены, што пасля масавага ад'езду айцішнікаў галіна рухаецца наперад