БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Латушка расказаў, як забараняў рэперу Сярогу выступаць, калі быў міністрам культуры

19.05.2024 / 14:54

Nashaniva.com

У чым прычына такой нелюбові?

Павел Латушка і Сяргей Пархоменка (рэпер Сярога)

Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў эфіры «Белсат» расказаў, што ў сваю бытнасць міністрам культуры Беларусі (2009-2012 гады) сачыў за тым, каб рэпер Сярога (Сяргей Пархоменка) не прымаў удзел у імпрэзах, якія фінансаваліся з дзяржаўнага бюджэту.

«У мяне даўняя гісторыя з гэтым рэперам Сярогам. Я сам з ім асабіста не знаёмы. Але калі я працаваў міністрам культуры, можа, у годзе 2009-м ці 2010-м, я прачытаў яго выказванне адносна беларускай мовы. Ён вельмі абразліва, здзекліва сказаў пра нашу матчыну мову: што такой мовы не існуе, што гэта штучна створаная мова і што не варта яе падтрымліваць», —

згадвае Латушка.

Пасля гэтага ён даў даручэнне не ўключаць Сярогу ў канцэрты, якія арганізуюцца за дзяржаўныя грошы.

«Пазней прадзюсары не аднойчы выходзілі на мяне з прапановай, каб усё ж такі ўключыць яго. Я катэгарычна стаяў на сваёй пазіцыі, і ніколі за час маёй працы міністрам культуры рэпер Сярога не трапіў у канцэрты, якія фінансавала Міністэрства культуры альбо дзяржаўны бюджэт. Гэта была мая прынцыповая пазіцыя. Калі ты нарадзіўся на Беларусі і здзекліва ставішся да беларускай мовы, то не разлічвай на бюджэтныя сродкі гэтай дзяржавы», — сцвярджае палітык.

У гэтыя выходныя Сярога выступіў на фестывалі «Кірмаш» у Германіі. Хоць беларуская апазіцыя спрабавала гэтаму перашкодзіць і інфармавала ўлады Германіі пра асобу рэпера.

Чытайце таксама:

Польшча перастала выпускаць у Беларусь люксавыя аўто па просьбе Латушкі?

Латушка расказаў, за што крытыкуе Ціханоўскую

Пад атаку Бондаравай патрапіў рэпер Сярога. Прычына вельмі сур'ёзная 

«Чорны бумер», Паліграф ШарыкOFF, спявак пры Лукашэнку: як мянялася жыццё рэпера Сярогі 

Каментары да артыкула