Літоўская дзяржбяспека расследуе пытанне магчымай сувязі кампаніі, звязанай з вырабам пашпартоў Новай Беларусі, з рэжымам Лукашэнкі
3.06.2024 / 19:36
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы ацэньвае інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ, што кампанія Garsų pasaulis, якая звязаная з вырабам літоўскіх пашпартоў, можа быць звязаная з рэжымам Лукашэнкі.
Віктар Шаўцоў. Фота: rct.bsu.by
Пра тое, што кампанія, якая прапаноўвала свае паслугі друку «пашпарта Новай Беларусі», звязаная з бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі, пісаў у сваім нядаўнім расследаванні Беларускі расследавальніцкі цэнтр.
«Звяртаем увагу, што дзеянні Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі як органа, які забяспечвае бяспеку сакрэтных здзелак па ацэнцы надзейнасці пастаўшчыкоў і даныя, атрыманыя ў ходзе ацэнкі, не апублічваюцца», — гаворыцца ў каментарыі Дэпартамента.
Паводле інфармацыі ведамства, Дэпартамент раней праводзіў ацэнку надзейнасці Garsų pasaulis у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй, аднак пры высвятленні новых абставін ацэнка можа быць змененая, а выдадзены сертыфікат пастаўшчыка можа быць адкліканы.
Начальнік дэпартамента стратэгічнай камунікацыі МУС Літвы Міндаўгас Баярунас адзначыў, што менавіта ягонае ведамства звярнулася ў Дэпартамент дзяржбяспекі пасля таго, як датычная Garsų pasaulis інфармацыя з'явілася на навінавых парталах.
Пры гэтым у спецслужбе адмовіліся каментаваць справу грамадзяніна Беларусі Мікіты Забугі, які выступіў пасярэднікам паміж Garsų pasaulio і Аб'яднаным пераходным Кабінетам Беларусі ў перамовах па вырабе пашпарта новай Беларусі.