Матолька пераехаў з Літвы ў Польшчу. І патлумачыў чаму
8.06.2024 / 16:39
Блогер і грамадскі актывіст Антон Матолька паведаміў у сацсетках, што з рэдактаркай і актывісткай Настай Рагатко пераехаў з Вільні ў Варшаву.
Антон Матолька з Настай Рагатко. Фота: AntonMotolko / Facebook
Матолька напісаў, што вельмі любіць Вільню, удзячны за ўсё, што Літва і літоўцы зрабілі для беларусаў у 20—21 годзе, што за 3,5 гады ён ніколі не сутыкаўся з нейкай непрыязнасцю ці бытавым хэйтам у Літве.
«У адрозненне ад некаторых палітыкаў, якія ў нейкі момант вырашылі абраць беларусаў як зручную для сябе «палітычную грушу для біцця», каб набраць сабе які рэйтынг на хэйце/супрацьпастаўленні і ўяўных пагрозах», — піша Матолька.
Антон удакладняе, што адна з асноўных прычын чаму зʼехалі з Літвы — праблемы з візамі для беларусаў — сяброў і знаёмых, якія не могуць атрымаць візы ў Літву.
«Літоўскія органы раздаюць кляймо «Пагроза нацыянальнай бяспецы» налева і направа ўсім, хто калісьці працаваў у дзяржструктурах, нават калі гэта ўмоўнае МНС або мытня, а чалавек там быў па размеркаванні пасля ВНУ».
Да таго ж, у Варшаве ў Антона і Насты большая частка іх каманд, шмат знаёмых. Ездзіць ці лётаць з Варшавы ў некалькі разоў прасцей і танней, чым з Вільні.