Грошы на мадэрнізацыю «Гродна Азота» дасць Расія
27.06.2024 / 18:57
Гендырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка і першы намеснік старшыні праўлення банка БелВЭБ падпісалі дакумент аб фінансаванні мадэрнізацыі прадпрыемства, паведамілі ў банку.
«Гродна Азот». Фота: delo.by
Аднак жа БелВЭБ будзе фінансаваць мадэрнізацыю не са сваіх грошай:
«Фінансаванне ажыццяўляе [расійская дзяржкарпарацыя] ВЭБ.РФ. Банк «БелВЭБ» выконвае функцыі банка-агента: адпаведнае пагадненне было падпісанае падчас XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі», — растлумачылі ў гэтай установе.
Ліміт крэдытнай лініі — 4,3 мільярда расійскіх рублёў (каля 158 мільёнаў у беларускіх), а тэрмін крэдытавання — 11 гадоў.
«Дакументам таксама прадугледжаная магчымасць выкарыстання субсідыі з бюджэту Расійскай Федэрацыі для забеспячэння льготнай працэнтнай стаўкі», — адзначылі ў БелВЭБ.
У цяперашняй мадэрнізацыі гаворка ідзе як пра абнаўленне дзейных вытворчасцяў, так і пра стварэнне новых. Рэалізацыю праекта выканае расійская кампанія.