100-гадовы былы прэзідэнт ЗША прагаласаваў за Харыс
16.10.2024 / 22:32
Былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр, якому нядаўна споўнілася 100 гадоў, прагаласаваў на выбарах і падтрымаў віцэ-прэзідэнта і кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Камалу Харыс, паведамляе газета New York Times.
Па словах унука экс-прэзідэнта, Джэйсана Картэра, ягоны дзядуля, які па стане здароўя знаходзіцца на паліятыўнай дапамозе, быў «асабліва рады магчымасці» аддаць голас за Харыс, скарыстаўшыся правам галасавання па пошце. Датэрміновае галасаванне ў штаце Джорджыя, дзе жыве былы палітык, пачалося ўчора.
Джымі Картэр быў 39-м прэзідэнтам ЗША ў 1977-1981 гадах, быў абраны ад Дэмакратычнай партыі.
Пасля завяршэння сваіх паўнамоцтваў ён заснаваў цэнтр Картэра — некамерцыйную арганізацыю па абароне правоў чалавека, і ў 2002 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за працу, звязаную з цэнтрам.
100 гадоў Картэру споўнілася сёлета 1 кастрычніка, і такое доўгажыхарства — рэкорд для ўсіх амерыканскіх прэзідэнтаў. З лютага 2023 года ён знаходзіцца ў хатнім хоспісе.