Названа дата прэзідэнцкіх выбараў: аж на паўгода раней за магчымы тэрмін
23.10.2024 / 10:37
Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Яны пройдуць ужо за тры месяцы.
Аляксандр Лукашэнка атрымлівае ордэн з рук Уладзіміра Пуціна, 9 кастрычніка 2024 года. Фота: Sergei Ilnitsky Pool Photo via AP
Такое рашэнне зацверджанае на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, перадае БЕЛТА. У беларускіх рэаліях прымае такое рашэнне не парламент, а Адміністрацыя прэзідэнта, а дэпутаты толькі фармальна зацвярджаюць.
Паводле календара правядзення выбараў, яны павінны былі адбыцца не пазней за 20 ліпеня.
У канцы верасня старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка гаварыў, што разглядаюцца некалькі магчымых дат для правядзення прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе. «Ёсць чатыры прыкладныя даты правядзення выбараў, уключаючы крайнюю — 20 ліпеня 2025 года», — заявіў Карпенка, не называючы іх.
«Белпол» у жніўні са спасылкаю на крыніцы называў імаверную дату прэзідэнцкіх выбараў — 23 лютага 2025 года.
У выніку Аляксандр Лукашэнка выбраў яшчэ ранейшую. Пра тое, што выбары блізка, сведчылі масіраваная прапагандысцкая кампанія ў апошнія месяцы, павышэнне заробкаў і пенсій, а таксама інтэнсіўныя паездкі Аляксандра Лукашэнкі па краіне, нягледзячы на яго праблемы са здароўем.
{POLL#1250}
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Выбары выбарамі, мы іх праводзілі не аднойчы. І гэтыя правядзем
Карпенка заявіў, што пачынаецца падрыхтоўка арганізатараў выбараў
Масква абяцае дапамогу Мінску на выбарах 2025 года «ў выпадку дэстабілізацыі»
Гайдукевічу прапануюць стаць пратэсным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах