БЕЛ Ł РУС

Каханне і сэкс

Каб даведацца пол будучага дзіцяці, мінчукі замовілі асабістую падсветку 27-павярховага бізнэс-цэнтра

17.11.2024 / 17:51

Nashaniva.com

Відэа з незвычайным гендар-паці ў Мінску набрала больш за мільён праглядаў і каля 75 тысяч лайкаў. А колькі ж каштавала сям'і выкарыстаць 27-павярховік для таго, каб даведацца вынік УГД?

Скрыншот відэа ў тыктоку

Ідэя даведвацца пра пол будучага дзіцяці не ў медыцынскім кабінеце становіцца ўсё больш папулярнай у Беларусі. Разразаннем торта з каляровым начыннем ці лопаннем шарыка з канфеці ўжо нікога не здзівіш. Таму некаторыя пары пачынаюць шукаць небанальныя варыянты.

Так сям’я з Мінска вырашыла скарыстацца бізнэс-цэнтрам «Футурыс», які знаходзіцца каля станцыі метро «Барысаўскі тракт». Спачатку на будынку з’явіліся сілуэты будучых бацькоў, потым пачаўся 10-сякундны адлік, затым надпіс «У вас…». Нарэшце 27-павярховік стаў цалкам ружовым і раскрыў інтрыгу: «Дзяўчынка».

@tanyaknopa Счастливые #гендерпати ♬ оригинальный звук - Knopa

Завяршаецца ролік тым, як будучы тата скача ад радасці. Відэа завірусілася. Большасць каментатараў былі ў захапленні ад такой ідэі. Знайшліся нават тыя, хто бачыў гендар-паці, калі ехаў паблізу, і цяпер выпадковыя сведкі з задавальненнем павіншавалі сям’ю.

Канечне, былі пытанні пра кошт паслугі.

Будучая мама ў каментарыях распавяла, што замовіць такую ўрачыстую падсветку ім каштавала 1000 рублёў. Яна таксама ўдакладніла, што працавала з дызайнерам каля тыдня — за яго працу заплацілі яшчэ 100 рублёў.

Чытайце таксама:

Што не так з пірожным «Карзіначка»? Доктарка расказала, што катэгарычна нельга есці цяжарным

Эмінем стане дзедам

Беларуская актрыса даведалася пра цяжарнасць толькі на пятым месяцы. Гэта распаўсюджаная з’ява? 

Ішлі па дзяўчынку, а тут «зноў двойня». Як бацькі з Баранавічаў гадуюць дзве пары двайнятак

Каментары да артыкула