Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя
22.11.2024 / 12:54
Апошні раз затрыманы ў В'етнаме і вывезены ў Беларусь экс-каліновец Васіль Верамейчык выходзіў на сувязь з дачкой тыдзень таму. Пра гэта ягоная жонка Яўгенія расказала LRT.
«Апошняе паведамленне, якое ён паспеў адправіць нашай дачцэ — гэта быў мінулы чацвер, роўна тыдзень таму — гэта было адно слова — дэпартацыя. І з тых часоў на сувязі яго не было», — распавяла жонка Васіля.
Былога каліноўца затрымалі ў В'етнаме 13 лістапада, а выдалі Беларусі 14-га.
34-гадовы Верамейчык скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі і служыў у Печах. Са службы ён звольніўся ў 2016 годзе, пасля чаго працаваў у ІТ.
У 2020 годзе ён падтрымаў рух за свабодныя выбары, удзельнічаў у мітынгах і маршах. У лістападзе 2020 года яго затрымалі па падазрэнні ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў пракуратуры — якая ўжо тады стала адным з галоўных арганізатараў масавых рэпрэсій. Але пасля 10 сутак арышту ён выйшаў на волю: доказаў не знайшлі.
Напачатку 2021 года праз пагрозу паўторнага арышту эміграваў ва Украіну і жыў з сям'ёй у Львове.
Пасля нападу Расіі на Украіне ён адразу, у лютым 2022 года, далучыўся да беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Служыў у ім намеснікам камандзіра батальёна «Волат» і быў узнагароджаны медалём «Украіна перш за ўсё».
Вядомы пад пазыўным «Пацук», ён удзельнічаў у баях у Херсонскай, Мікалаеўскай і Луганскай абласцях.