Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія
27.11.2024 / 11:37
Генеральны інспектар бундэсвера Карстэн Броер лічыць магчымым, што крушэнне грузавога самалёта DHL у Вільні магло быць «тэстам» з боку РФ «для выяўлення слабых месцаў», піша Deutsche Welle.
Фота: Mindaugas Kulbis / AP
«Мы ўжо перажылі падобную сітуацыю летам гэтага года, і тое, што адбылося цяпер, упісваецца ў гэтую схему», — заявіў Броер у эфіры ARD.
На думку генінспектара бундэсвера, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін «стварыў гібрыдную сітуацыю».
«Стан, які ўжо не зусім мір, але і не зусім вайна. ЁН прадугледжвае праверку, як далёка можна зайсці», — сказаў Броер.
Нагадаем, што раніцай 25 лістапада грузавы самалёт DHL, які выконваў рэйс з Ляйпцыга, здзейсніў жорсткую аварыйную пасадку побач з жылым домам у Вільні.
У выніку крушэння загінуў адзін чалавек. Літоўскія ўлады пачалі расследаванне.