Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны
29.11.2024 / 11:3
Замарожаны канфлікт ва Украіне будзе выгадны толькі Пуціну, заявіў былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі ў інтэрв'ю LRT.
Аляксандр Кваснеўскі. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski
«Я лічу, што з усіх рашэнняў, якія сёння абмяркоўваюцца, замарожаны канфлікт — гэта найгоршы варыянт. Канечне, можа падацца, што ён лепшы за цяперашнюю вайну, бо вайна азначае гібель людзей.
Але замарожаны канфлікт — гэта не мір, гэта толькі замарожаная вайна, якая, на мой погляд, будзе выгадная Пуціну. Гэта дасць яму час перагрупаваць войскі, нарасціць вытворчасць боепрыпасаў. Для Украіны гэта трагічная навіна, бо яна не зможа вярнуць страчаныя тэрыторыі і планаваць сваю будучыню, пастаянна знаходзячыся ў няпэўнасці — не ведаючы, калі вайна зноў узарвецца», — мяркуе палітык.
Ён таксама лічыць, што гэта не дапаможа Украіне ў перамовах з Еўрапейскім Саюзам.
«Замарожаны канфлікт для Украіны, які не з'яўляецца мірам, — гэта надзвычай няўдалае рашэнне. Для нас ён таксама азначае вялікую няпэўнасць, бо мы не можам прадказаць, калі Пуцін зноў пачне ваенныя дзеянні. Трэба разумець, што галоўная праблема сёння — не Украіна і яе жаданні і мары, а Пуцін і яго агрэсіўная, злачынная палітыка. Яго мэта — поўнасцю захапіць Украіну. Не палову, не чвэрць, а ўсю. Ён будзе імкнуцца да гэтага ўсімі спосабамі. Мы павінны гэта асэнсаваць. Нельга быць наіўнымі. Мы павінны дакладна разумець, што гэта мэта Пуціна і імперыялістычнай Расіі», — сказаў Аляксандр Кваснеўскі.