БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Кіраўніка крымінальнай міліцыі Клімавічаў арыштавалі за хабар. Пагражае да 15 гадоў

6.12.2024 / 9:28

Nashaniva.com

У пачатку 2024 года Аляксандр Кухараў атрымаў узнагароду з рук міністра Івана Кубракова. «Гісторыя поспеху ў органах унутраных спраў», — вясной хваліла яго раёнка. Але неўзабаве Кухарава чакала крутое піке — цяпер ён у СІЗА па сур'ёзным карупцыйным абвінавачанні.

Аляксандр Кухараў. Фота: «Родная Ніва»

Аляксандру Кухараву 44 гады. Ягоны сын пайшоў па шляху бацькі і вучыцца на трэцім курсе Магілёўскага інстытута МУС.

У інтэрв'ю клімавіцкай раённай газеце «Родная ніва» Кухараў распавядаў, што ўсё жыццё марыў працаваць у міліцыі. Пасля школы пайшоў у армію, а пасля паступіў у Магілёўскую школу міліцыі.

Кухараў прыйшоў на пасаду ўчастковага ў 2002 годзе, у 2009 атрымаў пасаду аперупаўнаважанага. Працаваў у групе наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, дайшоў там да старшага аперупаўнаважанага і атрымаў званне маёра. 

З 2019 па 2022 працаваў у суседнім Крычаве начальнікам аддзелення крымінальнага вышуку.

А ўрэшце вярнуўся ў Клімавічы намеснікам начальніка РАУС. Кухараў узначальваў у раёне крымінальную міліцыю.

Па выніках працы ў 2023 ён атрымаў падзяку ад Кубракова з фармулёўкай за ўмелыя і прафесійна граматныя дзеянні, ініцыяву, праяўленыя пры выкананні службовых задач.

Аляксандр Кухараў на круглым стале для школьнікаў (крайні злева). Фота: «Родная Ніва»

«Змагацца са злачыннасцю — наша праца. Усялякае здаралася, але думка пра тое, каб змяніць род дзейнасці ні разу не прыходзіла. Калектыў у нас згуртаваны, мы зладжана выконваем пастаўленыя задачы», — хваліўся Кухараў у інтэрв'ю раённай газеце.

Невядома, калі канкрэтна Кухарава затрымалі. Апошняя публічная згадка яго імені зафіксаваная ў сакавіку 2024 года. Неўзабаве ягонае імя знікла з сайта Клімавіцкага райвыканкама — цяпер месца кіраўніка крымінальнай міліцыі вакантнае.

Аляксандра Кухарава пачынаюць судзіць 9 снежня 2024 года ў Хоцімскім раённым судзе. Гэта звычайная практыка, калі працэсы над раённымі начальнікамі адбываюцца ў суседніх рэгіёнах — каб зменшыць імавернасць карупцыі пры вынясенні прысуду.

Кухарава абвінавачваюць па трэцяй, самай цяжкай, частцы артыкулу 430 КК — «хабар у асабліва буйным памеры або атрыманы асобай, якая займае адказнае становішча».

Аляксандр Кухараў. Фота: «Родная Ніва»

Аляксандру Кухараву пагражае ад пяці да пятнаццаці гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

Чытайце таксама:

Кіраўніка выбарчай камісіі, якая ў 2020 фальсіфікавала выбары, судзяць за хабар. Яму пагражае да 10 гадоў

«Восем крокаў і назад». Кніга пра турму для дзяцей — гэта правільна?

У Гродне фізрука аграрнага ўніверсітэта судзяць за хабар

Каментары да артыкула