Вызначылі найлепшага футбаліста Беларусі 2024 года
8.12.2024 / 16:6
Ім стаў малады брамнік мінскага «Дынама» Фёдар Лапавухаў.
Фёдар Лапавухаў. Фота: «Прэсбол»
Фёдар Лапавухаў у мінулым сезоне ўсталяваў рэкорд чэмпіянату Беларусі: ён захаваў свае вароты «сухімі» ў 19 з 30 матчаў вышэйшай лігі. Таксама 21-гадовы брамнік вызначыўся важнымі сэйвамі ў еўракубках і матчах за зборную Беларусі. З «Дынама» Фёдар стаў чэмпіёнам краіны.
Лапавухаў сабраў цэлую калекцыю ўзнагарод па выніках сезона: ён атрымаў прызы лепшаму гульцу і брамніку чэмпіянату Беларусі, а таксама лепшаму маладому гульцу вышэйшай лігі. Аўтарытэтны партал transfermarkt ацэньвае брамніка ў 1 мільён еўра.
Фёдар усяго пяты брамнік, якому ўдалося стаць футбалістам года ў Беларусі. Да яго гэтую ўзнагароду атрымлівалі Юрый Курбыка, Генадзь Туміловіч, Юрый Жаўноў і Аляксандр Гутар.
Лепшы футбаліст Беларусі вызначаецца апытаннем сярод журналістаў, трэнераў і іншых футбольных спецыялістаў.