БЕЛ Ł РУС

Свет

Нарышкін заявіў, што Расія «блізкая да дасягнення мэт СВА ва Украіне», каб не адбылося «знясілення»

10.12.2024 / 10:29

Nashaniva.com

Расія блізкая да дасягнення мэт спецаперацыі (так у Расіі называюць вайну з Украінай — НН), заявіў дырэктар Службы замежнай разведкі Расіі (СВР) Сяргей Нарышкін у прапагандысцкім інтэрв'ю расійскаму часопісу «Разведчык». 

Дырэктар Службы замежнай разведкі Расіі Сяргей Нарышкін. Фота: Alexei Nikolsky, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

«На фронце сітуацыя не на карысць Кіева», — заявіў Нарышкін.

«Стратэгічная ініцыятыва на ўсіх участках належыць нам, мы блізкія да дасягнення пастаўленых мэт, тады як УСУ знаходзяцца на мяжы развалу», — дадаў дырэктар СВР. 

Нарышкін у традыцыйных наратывах расійскай прапаганды заявіў, што Захад хоча заваяваць постсавецкую прастору. 

«Захад паставіў перад сабой амбіцыйную мэту разарваць не толькі эканамічныя, палітычныя, але і глыбінныя гістарычныя і гуманітарныя сувязі паміж нашымі краінамі. Такі падыход выцякае з вядомай максімы англасаксаў «Хто кіруе Еўразіяй, той валодае светам». Хоць «кіраваць» для іх азначае «падзяляць», «сеяць хаос», а потым прапаноўваць сябе абяскроўленым народам у якасці «бесстаронніх гарантаў бяспекі». Як гэта адбываецца — добра відаць на ўкраінскім прыкладзе», — зрабіў выснову дырэктар СВР.

У гэтым антызаходнім інтэрв'ю Нарышкін намякнуў, што Расія хутка можа пайсці на замірэнне, каб не адбылося «знясілення». 

«Стратэгічны разлік Захаду ва ўкраінскім крызісе вельмі ясны: навязаць нам зацяжную барацьбу на знясіленне ў мэтах расколу расійскага грамадства і стварэння ўмоў для «каляровай рэвалюцыі». Ваяваць будуць, што называецца, «да апошняга ўкраінца», а калі іх не застанецца, на барацьбу са «страшным рускім мядзведзем» прымусяць выйсці прыбалтаў, усходнееўрапейцаў, а ў перспектыве — і немцаў», — называе будучых ворагаў Нарышкін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула