Стала вядома, хто хаваецца за псеўданімам галоўнай расійскай даносчыцы Карабковай. Яна пісала данос на «Белсат»
26.12.2024 / 12:55
Два гады таму сацыяльны антраполаг Аляксандра Архіпава даведалася, што на яе напісала данос нейкая Ганна Карабкова. З тых часоў Карабкова зрабіла дзясяткі даносаў на іншых людзей і дала інтэрв'ю шматлікім СМІ, у якіх яна паўставала ў якасці серыйнай даносчыцы. Архіпава ўвесь гэты час спрабавала даведацца, ці рэальны чалавек Карабкова і хто за ёй стаіць, каб зразумець, як уладкована сучаснае даносніцтва ў Расіі. Вынікамі свайго расследавання антраполаг падзялілася з Бі-бі-сі.
Фота з профілю Івана Абатурава на «Вікінавінах»
Сярод шматлікіх даносаў Карабковай ёсць і данос на тэлебачанне «Белсат» і на рэдакцыю «Радыё Свабода».
У рускамоўнай «Вікіпедыі» на старонцы пра Карабкову былі апублікаваны сканы адказаў расійскіх ведамстваў, напрыклад, лісты з Генпракуратуры РФ з анонсамі праверак гэтых выданняў па факце яе зваротаў, а таксама адрасаваныя ёй справаздачы Генпракуратуры аб прызнанні гэтых выданняў непажаданымі арганізацыямі.
Сацыяльны антраполаг Аляксандра Архіпава і лінгвіст Данііл Скарынкін зрабілі сваё расследаванне і сцвярджаюць, што пад імем серыйнай даносчыцы Ганны Карабковай хаваецца екацерынбургскі журналіст, вікіпедыст Іван Абатураў.
Архіпава і Скарынкін заўважылі, што запісы Карабковай падобныя на нататкі Абатурава на «Вікінавінах»: у іх выкарыстоўваюцца аднолькавыя маўленчыя абароты, дапускаюцца адны і тыя ж памылкі, таксама IP-адрас, з якога адпраўляліся даносы, у Карабковай і Абатурава супадаў. Гэтыя і іншыя прыкметы, якія яны прыводзяць у расследаванні, не пакідаюць сумневаў у тым, што гэта адзін і той жа чалавек.
Раней Іван Абатураў трапляў у публічныя скандалы, звязаныя з даносамі. У жніўні 2022 года дырэктар выдавецтва «Нестар-Гісторыя» Сяргей Эрліх распавёў, што ў іх офіс прыйшла паліцыя па даносе Абатурава Івана Мікалаевіча, які ўгледзеў у кнізе выдавецтва аб Халакосце ў Румыніі «лжывыя звесткі аб дзейнасці СССР у гады Другой сусветнай вайны».
Сам Абатураў таксама не хаваў прыхільнасці да даносаў.
«Журналіст пры Сталіне быў хадзячай пракуратурай. Я таксама такім быць хачу!» — пісаў Абатураў у 2019 годзе ва «УКантакце».
На пытанне карэспандэнта Бі-бі-сі ва «УКантакце», ці сапраўды ён піша даносы пад імем «Карабковай», Абатураў коратка напісаў: «Добры дзень. Вы памыліліся». Пасля гэтага ён перастаў адказваць на паведамленні.