Блогер з Беларусі стварыў па прыколе ў Расіі выдуманы банк і стаў мільянерам
18.01.2025 / 8:56
У кастрычніку беларускі блогер Ілля пад нікам Nowkie апублікаваў відэа, у якім прыдумаў банк «Фуфелшмерц Пакасць Інкарпарэйтэд» («ФПІ Банк»). Ён намаляваў для яго лагатып і дызайн картак, стварыў сайт, прадставіў сяброў як супрацоўнікаў, прыдумаў фальшывыя водгукі, пакінуў загадкі для фанатаў серыялу Gravity Falls і зняў рэкламу для свайго роліка, піша vc.ru.
Аўтар спачатку не хаваў, што банк выдуманы. У «падвале» сайта ёсць пазнака, што сэрвіс парадыйны, нічога не прадае і не спрабуе падмануць.
Пра гэта ж гавораць фармулёўкі: «Вашы фінансы ніколі не будуць у бяспецы», «Давярайце нам, і мы ўсё ўладзім… як-небудзь», «Нечаканыя камісіі», «Знікаючыя фінансы, непрадказальныя спісанні — усё гэта частка нашага сэрвісу».
Карткі атрымалі назвы «Фінансавая пастка» і «Кепскасці». На месцы бізнэс-партнёраў — «кампаніі, якія не давяраюць» банку. У фальшывых водгуках — пахвала за пастаянны мінус на картках і «кепскае ў дамовах». Прозвішчы «супрацоўнікаў» — Падвохаў, Капканаў, Падманаў, Урэднікава і іншыя. У кантактах гаворыцца, што галоўны офіс банка знаходзіцца ў горадзе Непрадказальнасць, на вуліцы Гаджэтнай, 42.
На працягу месяца пасля публікацыі роліка сайт наведалі 363 тысячы чалавек, а ў TikTok сталі распаўсюджвацца карыстальніцкія відэа пра «ФПІ Банк». Разам з падпісчыкамі — «без ніякага досведу» і «па прыколе» — Nowkie вырашыў запусціць для банка крыптатокен у блакчэйне TON праз міні-дадатак Blum у Telegram. Сам сябе ён называў «крыпталузерам», а ініцыятыву — «угарам» і «мемам».
Для запуску блогер уклаў $1900, частку з іх узяўшы ў доўг. У першы дзень таргоў капіталізацыя токена дасягнула $13700, аб’ём таргоў склаў $4700. Колькасць трымальнікаў перавысіла 60, а цана склала $0,0000157. На трэці дзень колькасць «холдараў» была ўжо 82 чалавекі, а капіталізацыя дасягнула $15900.
Неўзабаве ў «ФПІ Банка» з’явіўся маскот — сабака. Токен трапіў у галасаванне за «самы трэндавы мемкойн» у канале Blum Memepad на 5 млн падпісчыкаў і заняў першае месца.
Nowkie распавёў, што яму таксама пісаў кіруючы партнёр Russian Ventures Яўген Гардзееў. Той хацеў «Пагутарыць, як зрабіць так, каб актыўнасць давала эфектыўнасць»: «Пакуль вы ідзяце не ў той бок. У вас токен на TON, а ў яго няма аўдыторыі ні ў X (Twitter), ні ў Reddit. Трэба выходзіць на іншы рынак». Блогер запрасіў Гардзеева на стрым, каб абмеркаваць ідэі пры падпісчыках, але той адмовіўся.
Вечарам 17 студзеня паказчыкі былі такія: трымальнікі — 5926, транзакцыі — 27 тысяч, аб’ём таргоў — $3,8 млн, цана — больш за $0,022, капіталізацыя — $2,9 млн.
У новым роліку Nowkie паведаміў, што яго $1900 ператварыліся ў $262,2 тысячы, якіх хопіць на «машыну, кватэру, бізнэс або 371 тысячу нагетсаў». Але ён разумее, што, прадаўшы манеты, абрыне цану і тым самым «абдурыць усіх».
Замест гэтага ён перадае частку токенаў, напрыклад, аўтарам фан-арта, называе свой рахунак «балансам Шродзінгера» і не заклікае нікога ўкладвацца ў манету. Згарнуць праект ён не плануе і абяцае пазней выступіць з навінамі.