БЕЛ Ł РУС

Грамадства

$1.000.000 за ўваход на цырымонію і п'янка з «добрымі рускімі» — Пракоп'еў расказаў пра свой дзень інаўгурацыі Трампа ў Вашынгтоне

22.01.2025 / 0:17

Nashaniva.com

Беларускі палітычны дзеяч Вадзім Пракоп'еў у дзень інаўгурацыі Дональда Трампа быў адным з самых блізкіх да яго беларусаў (геаграфічна). Але пашкадаваў грошай, каб стаць самым. Сэканоміўшы, Вадзім купіў віна і пайшоў глядзець трансляцыю падзеі ў штаб да «добрых рускіх», а потым падзяліўся назіраннямі з «Нашай Нівай». 

Далей стэнаграмай ідзе простая мова Вадзіма Пракоп'ева. 

Фота з архіва героя

«Што я рабіў у дзень інаўгурацыі?

Мне прыйшла (мы па дамоўленасці не называем ад каго — НН) прапанова з прэйскурантам: за $5000 можна было трапіць на малітоўны сняданак і потым у клуб; за $20.000 на баль вайскоўцаў у гатэлі Fairmont. За $50.000 усё тое ж, але з VIP-размяшчэннем. За $1.000.000 можна было трапіць на галоўны банкет.

Я падзякаваў за прапанову і адкланяўся, сказаўшы, што паеду пашукаю банкамат.

Адгукнуўся я на іншае запрашэнне: узяў бутэльку Amarone і пайшоў у Пасольства Альтэрнатыўнай Расіі, якое ладзіў Ілля Панамароў.

Адзін з магчымых выглядаў бутэлькі, з якой Пракоп'еў з'явіўся на прыём да «добрых рускіх». Індыкатыўнай цаны няма. Ёсць лінейкі цаной ад $50 і да сотняў даляраў за штуку. Фота: hop.allamarone.com

Гэта маёнтак з выглядам на Капітолій, з іранічнай вывескай «Вашынгтонскі Абкам». Я стараюся там бываць — прыходзяць вельмі цікавыя спікеры і ўвогуле можна шмат даведацца з кулуарных размоў.

На гэты раз гасцямі-спікерамі былі Канстанцін Баравы і спецыяльны госць з Украіны.

Цікава было абмеркаваць палітычныя моманты з Іллём Панамаровым і паслухаць успаміны Канстанціна Баравога. 

У 2004 годзе на форуме беларускай апазіцыі ў Мінску, паводле ўспамінаў Баравога, ён прапанаваў асабіста прафінансаваць два беларускія партызанскія падраздзяленні. Прапанаваў назваць адно — імя Навадворскай, а другое — імя Рэйгана.

Канстанцін Баравы лічыць, што няма такога палітычнага гульца як Лукашэнка. Ёсць толькі Пуцін. Так і трэба ўсё ўспрымаць. Я ветліва не пагадзіўся. На мой погляд, гэта распаўсюджаная, але спрошчаная карціна свету, якая замінае ясна думаць.

Фота Вадзіма Пракоп'ева

Ілля Панамароў разважаў пра арганізацыю ўкраінскай палітыкі — не магу публічна пераказваць усё. Магу толькі часткова.

Я падзяліўся з ім сваёй трывогай, што Украіна рызыкуе патрапіць у праваслаўнае пракляцце ў сувязі з тым, што Зяленскі не захоча аддаць уладу. Але мяне супакоілі — ва Украіне матрыярхат, і Алена Зяленская засцеражэ мужа ад такой памылкі.

Ілля Панамароў успомніў, як былое кіраўніцтва Палка Каліноўскага пераконвала яго ва Украіне, што Сахашчык і Пракоп'еў — агенты КДБ. Пасмяяліся. 

Даведаўся цікавы факт пра Олівера Стоўна. Нагадваю чытачам, што гэты выдатны амерыканскі кінематаграфіст зняў нечакана кампліментарнае, сервільнае дакументальнае кіно з Пуціным у 2017-м.

Я раней думаў, што містэр Стоўн зрабіў гэта з прычыны ўласных перакананняў. Распаўсюджаны выпадак блізарукасці. Стоўн — левы з Галівуда. Верыць у амерыканскі агрэсіўны імперыялізм. Убачыў у Пуціне саюзніка.

Учора на прыёме ў «Абкаме» даведаўся, што Стоўн атрымаў $40 мільёнаў за гэты фільм. Грошы не пахнуць.

Абмяркоўвалі, канечне ж, чаго чакаць ад новай амерыканскай адміністрацыі. Я ў гэтым сэнсе аптыміст. Амерыка разварочваецца. І разварочваецца хутка. Хтосьці ўбачыць у гэтым перспектыву аўтарытарызму. Я ж перакананы, што яны перабудоўваюцца, каб выйграць вайну.

Я таксама лічу, што перамовы Трамп—Пуцін, калі, вядома, Пуціна пераканаюць у іх удзельнічаць, не абяцаюць нам «зліву Украіны». Хоць бы па дзвюх прычынах:

— Трамп як чалавек з гіганцкім эга не можа дазволіць сабе выглядаць як той, хто саступіў Пуціну;

— Кітай глядзіць уважліва. Калі Амерыка дасць слабіну ва Украіне, Сі Цзіньпін натхніцца, і імавернасць «карыбскага крызісу» на Тайвані вырасце кратна. 

Завяршаючы агляд сваіх учорашніх уражанняў, хачу набрацца нахабнасці і параіць чытачам «Нашай Нівы» не чытаць перад абедам левых заходніх газет. 

Так Амерыку ніколі не зразумець. А зразумець яе беларусам прыйдзецца. Без таго, каб Амерыка перамагла ў новай Халоднай вайне, беларусам век волі не відаць». 

Чытайце таксама:

«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну

Пракоп'еў крытыкуе прапанову капітуляваць: Калі ў нас не ўзнікла партыя ястрабаў, то не трэба рабіць партыю аблудных галубоў

Двайнікі вядомых беларусаў. І не кажыце, што не задумваліся пра іх падабенства

Каментары да артыкула