Лукашэнка адказаў, ці будзе весці дыялог з апазіцыяй
26.01.2025 / 14:26
Падчас прэс-канферэнцыі 26 студзеня нямецкі журналіст спытаў Аляксандра Лукашэнку пра магчымы дыялог з апазіцыяй.
Дзясяткі беларусаў Уроцлава выйшлі на акцыю з нагоды выбараў 26 студзеня. Фота: «Вясна»
Лукашэнка адказаў, што «апазіцыя — гэта тыя, хто знаходзіцца ў краіне», і з такімі ён гатовы весці дыялог.
Што тычыцца тых апазіцыянераў, якія знаходзяцца за мяжой, то Лукашэнка параіў нямецкаму журналісту «глядзець» за імі, каб «не празяваць».
«Не празявайце. Яны вам падкінуць столькі праблем, што вы ачухацца не зможаце. Вы ствараеце ў Польшчы, Літве харугві, а ва Украіне стварылі добраахвотніцкі беларускі корпус — глядзіце, каб яны гэтыя кулямёты супраць вас не павярнулі. Таму пра што мне пра што з імі гаварыць?» — зноў загаварыў Лукашэнка пра беларускіх добраахвотнікаў і «харугвы».
Але Лукашэнка ўсё ж такі дапусціў, што дыялог магчымы, аднак, калі гэтага захоча яго атачэнне.
«Будуць прапановы — разгледзім. Але спачатку да Тура. Калі ён супраць не будзе, яна [прэс-сакратар Наталля Эйсмант] з ім разам, я буду з вамі весці дыялог. Для мяне меркаванне маіх людзей, якія мяне падтрымліваюць, вельмі важнае», — перанёс адказнасць Лукашэнка.