Стаўкі ўтыльзбору на аўто прыраўняюць да расійскіх. Вось чаму гэта кепская навіна для аўтамабілістаў
29.01.2025 / 19:16
Урад Беларусі зацвердзіў новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору на аўтамабілі, яны павінны стаць копіяй расійскіх.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Паўтараем за Расіяй
У Беларусі вырашылі прыраўняць стаўкі ўтылізацыйнага збору з тымі, што дзейнічаюць у Расіі.
З апублікаванай інфармацыі вынікае, што стаўкі мусяць стаць аналагічнымі тым, якія дзейнічаюць у РФ з 1 студзеня 2025 года. Там, у сваю чаргу, з 1 студзеня адбылося іх чарговае павышэнне ў сярэднім на 20%. Але гэта яшчэ не ўсё, бо ў Расіі ўтыльзбор і далей будзе расці кожны год на 10—20% да 2030 года.
Новыя машыны ў Расіі з Новага года прыбавілі ў цане ад 1,5 да 5%.
Натуральна, што гэтыя змены прывядуць да росту цэн як на новыя, так і на патрыманыя аўто ў Беларусі, а аўтаперагонны бізнэс можа амаль цалкам знікнуць.
Разлічваць утыльзбор па новых стаўках у Беларусі пачнуць праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання дакумента (пакуль ён не апублікаваны).
Таксама з апісанага можна прыйсці да высновы, што самі стаўкі, як у нас, так і ў РФ, будуць прапісаныя ў расійскіх рублях, бо інакш зрабіць іх цалкам аднолькавымі немагчыма, паколькі курс нестабільны. Дарэчы, з моманту з'яўлення ўтыльзбору з 1 сакавіка 2014 года і да 4 лютага 2016-га стаўкі ў Беларусі былі зафіксаваныя ў расійскіх рублях.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Як гэта закране фізічных асоб?
Цяпер як у Беларусі, так і ў Расіі для фізічных і юрыдычных асоб дзейнічаюць розныя стаўкі ўтыльзбору на легкавыя аўто.
У Беларусі іх дзве:
- 545 рублёў (каля $160) — за легкавікі, з моманту выпуску якіх не прайшло тры гады;
- 817 рублёў (каля $240) — для машын, старэйшых за тры гады.
У РФ стаўкі для фізасоб меншыя, чым у нас:
- 3400 расійскіх рублёў (каля $34) — для легкавых аўто ўзростам да 3 гадоў;
- 5200 расійскіх рублёў (каля $52) — для аўто, старэйшых за тры гады.
Такім чынам, можа атрымацца, што ў выпадку поўнага капіравання расійскіх норм, утыльзбор для фізічных асоб стане нават меншым. Але ёсць важны нюанс.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Год без магчымасці продажу
Рэч у тым, што прыведзеныя вышэй лічбы ў 34—52 даляры — гэта льготныя стаўкі ўтыльзбору. Скарыстацца льготай у РФ можна не часцей, чым раз на год. І самае важнае, што такое аўто не мусіць быць прададзена раней чым праз 12 месяцаў з моманту мытнага афармлення ў РФ.
Калі ўласнік, аплаціўшы льготны ўтыльзбор, захоча прадаць машыну раней, то ён мусіць даплаціць розніцу паміж камерцыйнай стаўкай, якую плацяць юрасобы, і тым, што ён заплаціў па льгоце.
А гэта, у сваю чаргу, мінімум 180 тысяч расійскіх рублёў (каля 1800 даляраў), і тое пры ўмове, што гэта будзе аўто, маладзейшае за тры гады з аб'ёмам рухавіка да 1 літра.
За аўто з аб'ёмам рухавіка 1—2 літры пры продажы раней, чым праз 12 месяцаў расіяніну давядзецца заплаціць ужо 667 тысяч (каля 6700 даляраў ЗША).
Таксама варта адзначыць, што пры імпарце фізічнай асобай аўто з аб'ёмам рухавіка больш за 3 літры льготны ўтыльзбор увогуле не прадугледжаны. А камерцыйная стаўка складае каля 21 500 даляраў.
Для аўтамабіляў, старэйшых за 3 гады, стаўкі яшчэ вышэйшыя. Напрыклад, для машын з аб'ёмам рухавіка ад 2,0 да 3,0 л утылізацыйны збор складае 2 839 000 рублёў (каля $28 400).
У Беларусі ж па бягучых правілах стаўкі ўтыльзбору для фізічных асоб не маюць прывязкі да аб'ёму рухавіка.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Бывайце, перагоншчыкі і аўто з вялікім аб'ёмам
Атрымліваецца, што калі Беларусь цалкам скапіравала расійскія нормы, то ў нашай краіне не толькі вырастуць цэны на новыя аўто ў дылераў, але і на патрыманыя, паколькі прадаваць свежапрыгнаныя аўто будзе фактычна нельга, пакуль не пройдзе 12 месяцаў з моманту размытнення ў Беларусі.
Гэта, у сваю чаргу, даб'е аўтаперагонны бізнэс, які пасля зменаў у налічэнні ўтыльзбору ў Расіі і так перажывае не самыя лепшыя часы.
А аўтамабілі з аб'ёмам больш за 3 літры з вялікай верагоднасцю наогул больш не будуць паступаць у Беларусь.