БЕЛ Ł РУС

Свет

У ПАРЕ аднагалосна прынялі рэзалюцыю па Беларусі

30.01.2025 / 17:39

Nashaniva.com

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) 30 студзеня аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб Беларусі, прысвечаную вынікам «пераабрання» Лукашэнкі 26 студзеня. 

«Асамблея […] лічыць, што так званыя выбары, арганізаваныя ў Беларусі 26 студзеня 2025 года, не адпавядаюць мінімальным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў і не маюць ніякага дэмакратычнага даверу… Няма падстаў для прызнання легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі як прэзідэнта», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

ПАРЕ заклікала дзяржавы — члены Рады Еўропы выразна заявіць аб непрызнанні абрання Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Беларусі, а таксама «прыняць рашучыя меры для пашырэння і ўзмацнення мэтавых санкцый супраць рэжыму і тых, хто падтрымлівае яго незаконную дзейнасць».

Асамблея прапануе працягнуць і ўзмацніць падтрымку структур беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай. Дэлегаты ПАРЕ таксама прапануюць увесці дадатковыя меры для палягчэння ўезду ў дзяржавы — члены Рады Еўропы і знаходжання ў бяспечных і годных умовах для беларускіх грамадзян, якія бягуць ад рэжыму Лукашэнкі.

ПАРЕ падкрэсліла, што для прывядзення ў адпаведнасць з каштоўнасцямі Рады Еўропы і захавання свайго суверэнітэту і незалежнасці афіцыйная Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі супраць сваіх грамадзян, вызваліць усіх палітычных зняволеных, «забяспечыць арганізацыю свабодных і сумленных выбараў і… зрабіць магчымай мірную перадачу ўлады».

Таксама ад уладаў Беларусі патрабуюць «неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і прыняць меры для яго канчатковага скасавання». 

Чытайце таксама:

Малдова афіцыйна заявіла пра непрызнанне выбараў Лукашэнкі

Якія краіны віншавалі Лукашэнку з перамогай у 2020-м, а цяпер ігнаруюць яго «пераабранне»

Пасля выбараў Вялікабрытанія і Канада пашырылі свае санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Пазняк задаволены «байкотам псеўдавыбараў» і бязлітасна праехаўся па канкурэнтах

Каментары да артыкула