Дырэктара рэчыцкага прадпрыемства, якога затрымлівалі з кайданкамі, выпусцілі на волю
30.01.2025 / 20:35
Як паведаміла крыніца выдання «Флагшток», звязаная з дзейнасцю Рэчыцкага метызнага завода, 29 студзеня кіраўнік прадпрыемства Віктар Самончык, якога раней нібыта затрымалі сілавікі, ужо прысутнічаў на працоўным месцы.
Дырэктар РМЗ злева. Фота ілюстрацыйнае. Крыніца: rmz.by
«Дырэктар быў на працы, нават дэманстратыўна наведваў цэхі. Што было падставай для затрымання, дакладна ніхто не ведае. На ўзроўні чутак пагаворваюць пра фінансавыя справы, бо работніка з бухгалтэрыі таксама вазілі на допыт», — паведаміла крыніца.
«Флагшток» патэлефанаваў на прадпрыемства. У прыёмнай адказалі, што дырэктара ў кабінеце няма, але на заводзе ён прысутнічае.
Між тым публічнага аспрэчвання факту затрыманне кіраўніка буйнога прадпрыемства сілавымі органамі пакуль што з боку кіраўніцтва завода і дзяржаўнага СМІ не было.