БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Праз тыдзень закрыюць мост з вуліцы Маскоўскай на праспект Незалежнасці ў Мінску. Як аб'язджаць?

31.01.2025 / 8:4

Nashaniva.com

У Мінску з 8 лютага будзе закрыты рух па мосце паміж вуліцай Маскоўскай і праспектам Незалежнасці. Раней паведамлялася, што закрыццё плануецца з 10 лютага.

Паводле сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі, будзе закрыты рух усіх відаў транспарту па гэтым пуцеправодзе і абмежаваны рух усіх відаў транспартных сродкаў, акрамя маршрутных, на ўчастку праспекта Незалежнасці ад вуліцы Свярдлова да вуліцы Бабруйскай у абодвух напрамках, а таксама на ўчастку вуліцы Бабруйскай ад плошчы Мяснікова да вуліцы Ленінградскай у абодвух напрамках.

Аб'езд гэтага ўчастка рэкамендуецца ажыццяўляць па наступных маршрутах: вуліца Свярдлова — вуліца Ульянаўская — вуліца Ленінградская; вуліца Свярдлова — вуліца Ульянаўская — вуліца Кірава; вуліца Свярдлова — вуліца Ульянаўская — вуліца Кірава — вуліца Бабруйская.

Дырэктар «Гардарбуда» Сяргей Панеў паведаміў, што гэты пуцеправод быў пабудаваны ў 1963 годзе і праектаваўся пад транспартную нагрузку таго часу, якая зараз значна ўзрасла. Гэта стала прычынай прыняцця рашэння аб планавым рамонце пуцеправода.

Згодна з нормамі, рамонт павінен выконвацца на працягу 23 месяцаў, але перад будаўнікамі пастаўлена задача завяршыць яго да канца года. Для гэтага некалькі будаўнічых упраўленняў будуць працаваць кругласутачна.

Рух транспартных сродкаў будзе забаронены па пуцеправодзе да 1 снежня. Акрамя таго, часовае абмежаванне руху транспарту ўвядуць на ўчастку вуліцы Бабруйскай ад Ленінградскай да Мяснікова да 31 кастрычніка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула