Велізарны разлом зямной кары знайшлі пад Турцыяй
31.01.2025 / 14:50
Геолагі з Універсітэта Гётынгена вывучылі тэктанічныя працэсы на стыку Аравійскай і Еўразійскай пліт і выявілі, што ў гэтым рэгіёне пачаўся разлом зямной кары. Даследчыкі высветлілі, што рэшткі старажытнага акіянічнага дна працягваюць апускацца ўглыб зямлі, але ў адным месцы гэты працэс спыніўся — і там пачалося ўзняцце парод, піша Bild.
«Гэта паказвае на тое, што акіянічная пліта ў гэтай зоне ўжо адарвалася і перастала цягнуць зямную кару ўніз», — патлумачыў вядучы аўтар даследавання доктар Рэнас Кошнау.
Аднак пад Загроскімі гарамі на паўночным захадзе Ірака гэты працэс працягваецца: зямная кара тут працягвае апускацца, утвараючы ўпадзіну глыбінёй 3-4 кіламетры.
Геолагі мяркуюць, што разлом будзе пашырацца ў бок Ірака, падобна таму, як адрыў ліста календара пачынаецца з аднаго боку і паступова распаўсюджваецца далей. Нягледзячы на такія змены, навукоўцы не бачаць сур'ёзнай пагрозы.
«У раёнах, дзе разлом ужо адбыўся, колькасць землятрусаў нават зніжаецца», — адзначыў прафесар Ёнас Клей.