БЕЛ Ł РУС

Свет

Адміністрацыя Трампа хоча, каб ва Украіне сёлета прайшлі выбары

1.02.2025 / 19:39

Nashaniva.com

Кіт Келаг, спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, у эксклюзіўным інтэрв'ю агенцтву Reuters заявіў, што адміністрацыя Дональда Трампа хоча, каб ва Украіне сёлета адбыліся выбары і прэзідэнта, і парламента, асабліва калі ўдасца дасягнуць перамір'я з Расіяй.

Кіт Келаг. Фота: AP Photo/Andrew Harnik

«Большасць дэмакратычных краін праводзяць выбары і ў ваенны час. Я думаю, важна, каб яны праводзіліся. Гэта карысна для дэмакратыі. У гэтым прыгажосць трывалай дэмакратыі, калі ў выбарах можа ўдзельнічаць больш за аднаго чалавека», — цытуе Келога Reuters.

Украінскае заканадаўства прама забараняе праводзіць выбары, калі ў краіне дзейнічае ваеннае становішча, а яно было ўведзена ў дзень пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання 24 лютага 2022 года і з тых часоў неаднаразова працягвалася.

За гэты час фармальна скончыліся тэрміны паўнамоцтваў як прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, так і дэпутатаў Вярхоўнай Рады, абраных у 2019 годзе. Крэмль і іншыя ворагі Зяленскага на падставе гэтага любяць сцвярджаць, што ён нібыта страціў легітымнасць.

Reuters таксама піша, спасылаючыся на дзве ананімныя крыніцы, што ЗША могуць настаяць на правядзенні выбараў ва Украіне ў якасці адной з умоў пачатковага перамір'я. 

«Па словах суразмоўцаў, калі ва Украіне адбудуцца прэзідэнцкія выбары, пераможца можа быць адказным за перамовы з Масквой аб заключэнні доўгатэрміновага пакта», — гаворыцца ў артыкуле.

Reuters таксама прыводзіць словы ананімнага былога заходняга чыноўніка, які мяркуе, што скасаванне ваеннага становішча і абвяшчэнне выбараў дэстабілізуе краіну: мабілізаваныя салдаты пакінуць шэрагі УСУ, а мужчыны прызыўнога ўзросту «пабягуць за мяжу». Акрамя таго, гэта размые ўладу і ўплыў Зяленскага, які напярэдадні выбараў стане «кульгавай качкай».

Рэйтынг прэзідэнта Украіны і так ужо даўно не такі высокі, як у першыя месяцы вайны, таму на выбарах у яго будуць патэнцыйныя моцныя супернікі.

На думку суразмоўцы Reuters, падштурхоўваючы Украіну да выбараў, «Трамп рэагуе […] на сігналы зваротнай сувязі ад Расіі. Расія хоча, каб з Зяленскім было скончана».

Чытайце таксама:

Трамп даручыў свайму спецпрадстаўніку завяршыць вайну ва Украіне за 100 дзён

Абяцаных Трампам хуткіх мірных перамоў па Украіне не атрымаецца

Што прадугледжвае мірны план будучага спецпрадстаўніка Трампа па Украіне

«Залезь назад у сваю скрынку». Cпецпрадстаўнік Трампа па Украіне паставіў на месца крамлёўскага мільярдэра Малафеева

Каментары да артыкула