І ведаеце, гэта ўсё — праўда. Новая дакумастацкая кніга Анціпава выкліча скрыгат у медыйных і багемных колах
5.02.2025 / 20:5
Павел Анціпаў — аўтар кнігі, прысвечанай закуліссю незалежных літаратурных прэмій, за якую яго ў 2019 годзе выключылі з ПЭН-цэнтра. У новай кнізе Анціпаў у сваёй з'едлівай манеры падрабязна расказвае пра рэальных людзей, культурныя ініцыятывы і СМІ. Пра Шарамета, які не заплаціў абяцаных 70 даляраў. Пра жыццё на адной кватэры з Франакам Вячоркам і што той еў на сняданак. Далікатнасці чакаць не выпадае, піша Зося Лугавая.
«Куды-небудзь прыязджаць, што-небудзь рабіць і ад’язджаць» — гэта аўтафікшн, натхнёны 15 смс-паведамленнямі, якія аўтар знаходзіць у сваім старым кнопачным тэлефоне. Кожны раздзел пачынаецца з смс, якая становіцца нагодай для ўспамінаў і рэфлексій. Тэкст іранічны, месцамі з'едлівы.
Пра што кніга? Пра Беларусь 2000—2010-х, пра беларуска-ўкраінска-расійскую літаратурную прастору, у якой усе свабодна перасоўваліся. Чытаеш і здзіўляешся: а сапраўды ж было такое! Кніга-ўспамін (а можа, і напамін) пра тое, што не так даўно мы ўсе не проста суіснавалі на тэрыторыі, па якой цяпер немагчыма свабодна ездзіць, але і працавалі разам. Кніга пра маладых (тады) беларускіх літаратараў, выдаўцоў, перакладчыкаў, інтэлектуалаў. Пра людзей, з якімі Анціпаў сябраваў, працаваў, тусаваўся.
Напраўду скандальнага ў кнізе няма, але ёсць многа асабістага, вельмі асабістага, нават інтымна-асабістага.
Павел адзначае:
«Мне хочацца пісаць толькі пра набалелае, але гэта сорамна і шкада чытаць. Пра што ж тады пісаць?»
Але не толькі аўтару хочацца пра такое пісаць. Іншыя з радасцю такое чытаюць.
Водгукі розныя, часам супрацьлеглыя.
Адна мая знаёмая напісала, што гэта «крышталёва выразная і вельмі смешная проза».
Другі водгук: «Бахарэвіч піша: вы ўсе няўдачнікі. Анціпаў: вы ўсе няўдачнікі, і я таксама няўдачнік! І я пра вас і пра сябе напішу, якія мы няўдачнікі».
І, ведаеце, гэта ўсё — праўда. Анціпаў у сваёй манеры падрабязна расказвае пра рэальных людзей, далікатнасці чакаць не выпадае. І ў гэтай іроніі і самаіроніі сіла кнігі. Гэта смелы і шчыры тэкст, сапраўдны помнік беларускай багеме пачатку ХХІ стагоддзя.
У кнізе шмат Віталя Рыжкова — культавага паэта. І персанажа з эратычнага календара. Часта з’яўляюцца Андрэй Хадановіч, Наста Манцэвіч, выдаўцы Логвінаў і Вішнёў, філосаф Акудовіч. Нямала згадак пра немезіду аўтара — Марыю Мартысевіч. Сустракаецца Святлана Алексіевіч і дыялог з ёю на з'ездзе ПЭН-Цэнтра («За што вы так не любіце Таню?»). Легіён расейскіх літаратараў рознага маштабу. Украінец Сяргей Жадан — і Павел прызнаецца, што не чакаў адчуць сябе «групіз Жадана»: настолькі быў пад уражаннем ад асабістага знаёмства.
«Мне спадабалася сама ідэя спадабацца вядомаму пісьменніку», — скажа Анціпаў пра расейскага літаратара Юзэфовіча. І гэта фраза ў прынцыпе добра абагульняе ўсе літаратурныя тусоўкі ў кнізе. Спадабацца, абавязова здзівіцца таму, што ты камусь цікавы, крыху з гэтай нагоды парэфлексаваць.
Павел шмат апісвае безграшоўе, бясконцыя змены працы. Пра ваганні між тым, дзе можна зарабіць грошы, і тым, да чаго ляжыць душа і што не перашкаджае творчасці. У выніку абірае другое. І я з нейкім дзіцячым захапленнем чытала, якой мінімальнай колькасцю рэчаў і грошай аўтар мог абыходзіцца. Жыць на бацькоўскай кухні, харчавацца на пару рублёў за дзень — не кожны будзе гатовы так жыць. І не кожны здольны гэта так апісаць. Разважае, іранізуе, адстойвае свае 70 еўра, якія яму «забываюць» выплаціць. Мне такі шлях знаёмы, таму і Павел Анціпаў са сваімі выбарам хутчэй выглядае аднадумцам. Але для кагосьці гэта дакладна будзе лузерствам.
«Так, ты літаратурны работнік, так, такі ў літаратурных работнікаў прайс. Але ў гэтым для мяне ўсё адно больш сэнсу, чым запаўняць эксэль ці браць сумныя каментары ў лідараў меркаванняў».
Цяпер Павел Анціпаў кіраўнік Літрадыё і выдавец — адзін са стваральнікаў выдавецтва «Мяне няма». Выдае беларускія кнігі — пераважна, рускамоўных беларускіх аўтараў. Выпраўляе, як ён мяркуе, дыскрымінацыю, пра якую заяўляў у сваім таксічным рамане пра прэмію Г. Паслядоўны і плённы шлях да мары, няхай праз безграшоўе, беспрацоўе і беспрытульнасць 15-гадовай даўніны.
У кнізе шмат расейскай літаратуры і расейскіх літаратараў, Масквы. Аўтар вучыўся (не давучыўся) у Літаратурным інстытуце, працаваў у расейскім праекце «Літрадыё» і ездзіў на паэтычныя фестывалі, каб запісваць кантэнт. Але ці хочацца пра гэта чытаць цяпер, напярэдадні трэцяй гадавіны вайны? Не, не хочацца. Ратуе хіба тое, як Анцпіпаў пра гэта піша. Піша файна. Апошні з такіх эпізодаў — затхлы і ліпкі — пра немаладога супрацоўніка часопіса «Дружба народаў», які займаецца пошукам рукапісаў і прыязджае ў Мінск. Эпізод непрыемны, але мне было прыемна, што Анціпаў скончыў з руслітам менавіта на гэтай ноце.
А вось іншы, самы шматслоўны фрагмент (ажно 60 старонак), прысвечаны Валошынскаму фестывалю ў Кактэбелі, выклікаў супярэчлівыя пачуцці. Асабліва сваім пачаткам.
«Крым быў украінскім, але выглядаў, як рускі. Зрэшты, які рускі? Рускі — гэта дама з сабачкам, згубіла ў натоўпе ларнэтку, ездзілі на рамізніку ў Арэанду. А тут напаўаголены натоўп на ўзбярэжнай, твараў не разгледзець, у вочы кідаюцца неймаверныя дупы, гарганцюанскія цыцкі, чакаем, калі ўсё гэта пакрыецца загарам, і — пара на поўнач!»
Тут часцей, чым у якім іншым раздзеле ў мяне ўзнікала пытанне: навошта гэта ўсё цяпер? Унутраная неабходнасць падсумаваць эпоху, якая пайшла і ніколі ўжо не вернецца? Падкрэсленае ігнараванне парадку дня? Маўляў, вайна вайной, а літаратура — гэта іншае?
«Папярэднія пакаленні перажывалі сусветныя войны і распады імперый, — піша Анціпаў. — Пісьменнікам таго часу моцна пашанцавала, скажам шчыра, ім не трэба было вышукваць сапраўдныя тэмы, тады ўсе пытанні стаялі востра. А я павольна плыву ў смале, што застывае. Што я магу расказаць пра гэты час?»
Зразумела, што гэта — «пра тады». Але ж выйшла кніга цяпер. Аўтар спазніўся ці аўтару ўсё адно?
Пры гэтым без палітыкі ў кнізе не абышлося. Ёсць у ёй узгадкі пра плошчу 2006 года і выбары 2010 года.
Апошнім прысвечаны асобны раздзел, у якім Анціпаў шмат прыгадвае Паўла Шарамета і супрацу з ім — і сваю, і малодшага брата. Расказвае крытычна і весела.
Галоўнае, гэта выдатная проза. І вельмі беларуская, хоць і напісаная па-расейску.
Сярод расейскамоўнага тэксту раптам з’яўляецца табе «елка ў пары з хваіною», тралейбус, у якім мог ездзіць яшчэ Някляеў з газіроўкай і без, спякотны і пусты Менск, як у рамане Бахарэвіча. Альбо стары ўкраінскі вагон, у якім з-за спёкі «з’яўляецца адчуванне, што трапіў у прозу Жадана, ды і ў паэзію таксама, хочацца нават верлібр напісаць».
Павел Антипов. Куда-нибудь приезжать, что-нибудь делать и уезжать. Варшава: Мяне няма, 2025