«Без нашай падтрымкі краіна перастане існаваць». Трамп зноў прапанаваў, каб Канада стала 51-м штатам ЗША
2.02.2025 / 17:28
Прэзідэнт ЗША заявіў, што Вашынгтон увесь гэты час беспрычынна субсідаваў Канаду. Але цяпер гэтаму прыйшоў канец.
Дональд Трамп. Фота: Christopher Furlong / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў прапанаваў Канадзе стаць 51-м штатам ЗША. Трамп заявіў, што без субсідый ад Вашынгтона Канада не можа існаваць як жыццяздольная дзяржава.
«Мы плацім сотні мільярдаў долараў на субсідаванне Канады. Навошта? Ніякай прычыны няма. Нам нічога ад іх не трэба. У нас неабмежаваныя запасы энергіі, мы павінны вырабляць уласныя аўтамабілі і маем больш драўніны, чым можам выкарыстаць. Без гэтай велізарнай субсідыі Канада перастане існаваць як жыццяздольная краіна. Жорстка, але праўда!
Таму Канада павінна стаць нашым дарагім 51-м штатам. Значна ніжэйшыя падаткі і значна лепшая вайсковая абарона для жыхароў Канады — і ніякіх мыт!» — напісаў Трамп у Truth Social.
Трамп раней падпісаў указ аб пошлінах на тавары з Канады, Кітая і Мексікі. Для КНР стаўка складзе 10%, для Мексікі — 25%, для Канады — 10% на энергарэсурсы і 25% на астатні імпарт. Ёе растлумачыў рашэнне неабходнасцю барацьбы з нелегальнай іміграцыяй і наркагандлем, у прыватнасці пастаўкамі фентанілу ў ЗША.
У сваю чаргу прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо ў адказ абвясціў аб маштабных тарыфах у памеры 25%, якія закрануць амерыканскія тавары коштам 155 млрд даляраў.