У Вільні за апаганьванне мемарыяла ахвярам рэпрэсій у Беларусі судзяць прарасійскага блогера
3.02.2025 / 19:46
Пра судовы працэс над прарасійскім блогерам Лаўрынасам Рагельскісам піша «Позірк» на падставе паведамлення партала 15min.lt. Справа разглядаецца ў Віленскім акруговым судзе, мужчыну абвінавачваюць у «падбухторванні» і «апаганьванні памятнага месца».
Лаўрынас Рагельскіс. Скрыншот з ягонага ютуб-канала
Па матэрыялах справы, у 2020 годзе Рагельскіс спрабаваў разбурыць мемарыял ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі, збудаваны ў Вільні каля будынка беларускай амбасады. Як удакладняе медыя, ён «сабраў у сумку і выкінуў» устаноўленыя каля дыпламатычнай місіі партрэты беларусаў, смерць якіх звязваюць з палітычным пераследам з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (на мемарыяле ўсталяваныя партрэты Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Дзмітрыя Завадскага, Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка, Мікіты Крыўцова і інш.).
Падчас судовага пасяджэння 3 лютага блогер назваў загінулых у 2020 годзе беларускіх актывістаў «удзельнікамі дзяржаўнага перавароту». «Законы для іх не пісаныя, а завялыя кветкі — смецце», — заявіў Рагельскіс.
Таксама яго абвінавачваюць у праявах антысемітызму.
Паказанні ў судзе блогер дае на рускай мове, пры гэтым са сваім адвакатам размаўляе па-літоўску.
Лаўрынас Рагельскіс з 2020 года час ад часу выступае ў беларускіх дзяржаўных СМІ, падчас чаго ў абразлівай форме адгукаецца пра апанентаў Лукашэнкі.
Мемарыял каля беларускай амбасады ў Вільні Рагельскіс спрабаваў разбурыць у кастрычніку 2020 года. У дачыненні да яго была распачатая справа аб «распальванні варожасці»і «апаганьванні памятнага месца». Судовы працэс па справе пачаўся ў жніўні 2022 года.
Таксама віленскі мемарыял ахвярам рэпрэсій у Беларусі спрабавалі разбурыць яшчэ некалькі разоў.