БЕЛ Ł РУС

Грамадства

ІТ-кампаніі ўпершыню за тры гады нанялі больш спецыялістаў, чым звольнілі

5.02.2025 / 11:46

Nashaniva.com

Кампаніі сектара «Інфармацыя і сувязь» (або ІКТ) за мінулы год нанялі больш супрацоўнікаў, чым звольнілі. Гэта адбылося ўпершыню за апошнія тры гады, піша Devby.io.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, за мінулы год кампаніі сектара «Інфармацыя і сувязь» звольнілі больш за 14 тысяч чалавек — на 23% менш, чым у 2023 годзе (тады з кампаній было звольнена больш за 18 тысяч супрацоўнікаў).

Найменшую актыўнасць па частцы звальненняў кампаніі (і супрацоўнікі) праявілі ў студзені: у гэтым месяцы з кампаній сышлі 824 чалавекі. А рэкордным па колькасці звольненых супрацоўнікаў у ІКТ стаў кастрычнік (1400 чалавек). Пры гэтым ужо бліжэй канца года звальненні пайшлі на спад. У лістападзе і снежні з кампаній ІКТ сышло крыху больш за тысячу спецыялістаў.

Як звальнялі ў кампаніях «інфармацыі і сувязі» ў 2023-2024 гадах

На дынаміцы звальненняў у ІКТ летась адбіліся некалькі фактараў. У прыватнасці, жаданне супрацоўнікаў змяніць кампанію (напрыклад, з-за заробку), адсутнасць праектаў у кампаній і рост бенча, закрыццё юрыдычнай асобы і сыход ІТ-бізнэсаў з Беларусі.

У мінулым годзе з краіны сышлі такія вядомыя ІТ-кампаніі як мабільныя распрацоўшчыкі Playtika, Belka Games, і Apalon, амерыканскі таксі-сэрвіс Lyft, распрацоўшчык у сферы AI і машыннага навучання InData Labs і іншыя.

Што тычыцца найму, то за мінулы год кампаніі ІКТ узялі на працу больш за 15 тысяч новых супрацоўнікаў — на 35% больш, чым у 2023 годзе. 

Горшымі па частцы найму сталі студзень і люты, а самымі «прадуктыўнымі» апынуліся жнівень і верасень — у гэтыя месяцы кампаніі ІКТ нанялі больш за 1,5 тысячы спецыялістаў.

Як наймалі ў кампаніях «інфармацыі і сувязі» ў 2023-2024 гадах 

Такім чынам за мінулы год кампаніі ІКТ нанялі на працу амаль на 1000 супрацоўнікаў больш, чым звольнілі.

Апошні раз агульная колькасць нанятых спецыялістаў перавысіла колькасць звольненых у 2021 годзе. У 2022 годзе з пачаткам другой хвалі рэлаксацыі сітуацыя кардынальна змянілася. Тады кампаніі ІКТ звольнілі ў 2 разы больш супрацоўнікаў, чым узялі на працу (шмат у чым праз рэлакацыю спецыялістаў), у 2023 годзе-звольнілі амаль на 7 тысяч больш, чым нанялі.

Найм і звальненні ў ІКТ за апошнія 5 гадоў (супрацоўнікаў)

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула