Амаль 30 кілаграмаў. Беларус дзесяць гадоў збіраў манеты: вось колькі ўдалося сабраць
5.02.2025 / 16:47
Андрэй пачаў збіраць манеты амаль адразу пасля дэнамінацыі. Канкрэтнай мэты ён не ставіў, было проста цікава, колькі ўдасца адкласці, піша Onliner.
Фота: Onliner
Беларус пачаў збіраць манеты ў 2016 годзе і так захапіўся, што траціць іх будзе толькі цяпер, у 2025 годзе. Мужчына не ставіў канкрэтную мэту, якую суму трэба назбіраць, але яна выйшла прыстойнай.
«Уласна кажучы, я заўсёды адкладаў драбязу, без нейкай мэты назбіраць на нешта значнае, цікавы сам працэс. У школе гэта былі папяровыя «зайчыкі», якія перад паступленнем у ВНУ патрацілі з сябрамі на забавы і смакоткі.
Ва ўніверсітэце адкладаў дробязу з больш канкрэтнай мэтай: перад выпускам купіць 5-літровую бочачку піва і каб аднагрупнікі на ім пакінулі подпісы ды пажаданні (так і атрымалася: бочачка быў распітая і подпісы сабраныя, цяпер стаіць як сувенір)», — расказаў Андрэй.
Адразу пасля дэнамінацыі і з'яўлення манет у 2016 годзе ў Андрэя пачаўся новы чэлендж. Спачатку ён збіраў манеты па 2 рублі, а дзесьці праз год пачаў збіраць і манеты 1 рубель.
«Зноў жа, глабальнай мэты збору не было, але для сябе гэтак жа вырашыў, што патрачу толькі на нешта значнае. У снежні мінулага года мы з жонкай набылі кватэру, пералічылі манеты і вырашылі на іх набыць новую кухню, таму, на жаль, хутка будзем ад іх пазбаўляцца», — кажа беларус.
На сёння манетамі па 2 рублі Андрэю ўдалося назбіраць 6032 рублі, манетамі па 1 рублю — каля 1800 рублёў. У выніку атрымалася амаль 8 тысяч, якія важаць амаль 30 кг.
«Першапачаткова была адна невялікая скарбонка, збіралі ўсё ў яе, потым, калі манеты перасталі ўлазіць, купілі дзве бляшаныя скарбонкі: адну меншую для 1 рубля, другую большую для 2 рублёў, і працягнулі збіраць ужо паасобна», — дзеліцца Андрэй.
Калі і гэтыя скарбонкі запоўніліся, жонка падарыла калекцыянеру драўляны куфэрак, у які пераклалі манеты па 2 рублі, а манеты па 1 рублю склалі ў трохлітровы слоік.
Чытайце таксама:
Сям’я з Брэста паўтара года кідала ў слоік манеткі. Як думаеце, колькі атрымалася назапасіць?
Што цяпер разумней — траціць ці ашчаджаць? Адказвае эканаміст
Абменнік-аўтамат памылкова выдаў беларусцы 155 рублёў манетамі
Жыхар Магілёва прадае 20-капеечную манету за 480 рублёў. У чым яе асаблівасць?