Пачалася праца па стварэнні археалагічнага музея пад адкрытым небам на Менцы
6.02.2025 / 17:14
Дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Вадзім Лакіза на прэс-канферэнцыі 6 лютага паведаміў, што на гарадзішчы на Менцы збіраюцца адкрыць археалагічны музей пад адкрытым небам. Да мая ва ўрад плануецца ўнесці прапановы па музеіфікацыі комплексу, піша «Беларусь сегодня».
Вадзім Лакіза
«Пастаўлена задача музеефікацыі аб'ектаў на Менцы. Існуе папярэдняя архітэктурная канцэпцыя, якую падрыхтавалі архітэктары па нашых ідэях. Зараз трэба, каб на гэтым месцы з'явіўся археалагічны музей пад адкрытым небам. Праца вядзецца, Міністэрства культуры выступае яе каардынатарам. Да мая мы занясем ва ўрад прапановы па музеефікацыі і развіцці комплексу», — заявіў Лакіза.
Паводле яго слоў, даследаванне комплексу на Менцы ўключана ў зацверджаную ўрадам канцэпцыі фарміравання найбольш значных нацыянальных археалагічных праектаў на 2023-2030 гады.
«У выніку раскопак упершыню даказана існаванне абарончай сцяны старажытнага горада X—XI стагоддзяў, які знаходзіўся тут. Сцяна вышынёй 5-6 метраў з дубовымі канструкцыямі захавалася на плошчы прыблізна 900 метраў. Мы яе раскапалі, але гэтага мала: трэба захаваць, закансерваваць. Ёсць спецыялісты, якія дапамагаюць гэта зрабіць: правялі лідарную здымку, зафіксавалі, цяпер драўляныя канструкцыі знаходзяцца ў гомельскай арганізацыі, якая займаецца кансервацыяй сумесна з навукоўцамі», — расказаў Лакіза.
Як ён сцвярджае, у рэалізацыю праекта «ўцягнутая ўся краіна».
«Дастаткова сказаць, што толькі за мінулы год пад кіраўніцтвам навукоўцаў тут паспелі папрацаваць 500 студэнтаў-валанцёраў з 17 ВНУ, якія праходзілі практыку».
Для музея на гарадзішчы хочуць узнавіць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, уваходную групу, абарончыя канструкцыі, аднавіць вал.