БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Эксперыментальную супрацьгалалёдную сумесь, якой пасыпалі вуліцы Мінска, прызналі нерэнтабельнай

8.02.2025 / 19:27

Nashaniva.com

Новая супрацьгалалёдная сумесь, якой у снежні мінулага года пачалі пасыпаць вуліцы Менска, аказалася нерэнтабельнай. У гэтым 7 лютага ў эфіры «Радыё-Мінск» прызнаўся генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Максім Белавус, піша Telegraf.news.

Фота ілюстрацыйнае

Белавус паведаміў, што ад эксперыментальнай сумесі, распрацаванай сумесна з навукоўцамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вырашылі адмовіцца, паколькі класічны рэагент паказаў сябе ў працы лепш.

Канцэнтрат мінеральны галіт маркі А выкарыстоўваецца для апрацоўкі дарог і тратуараў ў халодную пару года, каб прадухіліць утварэнне галалёду і абледзянення. У склад галіту ўваходзіць натрый хларыд, які паніжае тэмпературу замярзання вады і паляпшае счапленне з дарожным пакрыццём.

Паводле слоў гендырэктара Гаррамаўтадара, эксперыментальнай сумессю ў снежні мінулага года апрацавалі два ўчасткі ў Мінску — на ўчастку праспекта Незалежнасці і ў раёне вуліц Ульянаўскай і Свярдлова. Пасля гэтага спецыялісты ацанілі ў дынаміцы, на колькі новае рэчыва зменшыла негатыўнае ўздзеянне на металы і расліны.

«На жаль, вынікі аказаліся ў межах статыстычнай хібнасці — змяншэнне агрэсіўнага ўздзеяння на 1,5-2%», — падзяліўся вынікам эксперыменту Белавус.

Пры гэтым кошт сумесі, у параўнанні з галітамі маркі А, якія дагэтуль добра сябе зарэкамендавалі, значна вышэйшы, таму яе прымяненне прызналі «проста нерэнтабельным».

«Мэтазгоднай замена была б толькі пры ўмове зніжэння негатыўнага ўздзеяння хоць бы на 15-20%», — растлумачыў спецыяліст.

Ён таксама запэўніў, што «лішнюю соль», на якую нярэдка скардзяцца зімой і аўтамабілісты, і пешаходы, работнікі ЖКГ і дарожных службаў не рассыпаюць. Па словах Белавуса, яны кіруюцца зацверджанымі нормамі, якія залежаць ад такіх умоў надвор'я, як таўшчыня снегавога покрыва і тэмпература паветра.

Гендырэктар Гаррамаўтадара растлумачыў, што колькасць рэагента, які рассыпаецца на дарогах, павялічваецца з паніжэннем на кожныя пяць градусаў.

«Пры гэтым калі існуе верагоднасць утварэння наледзі, то лепш і бяспечней гэта папярэдзіць, чым ашчаджаць», — выказаў сваё меркаванне Белавус.

Чытайце таксама:

«Беларусы такія беларусы». У тыктоку захапляюцца, як пасажыры дапамаглі кіроўцу тралейбуса ў Мінску

Доктарка расказала, у якое надвор'е можна хадзіць без шапкі

У Магілёве зафіксавалі першы ўкус кляшча ў гэтым годзе, і гэта ў студзені!

Не менш за чатыры флікеры. У міліцыі распавялі, як пешаходам засцерагчы сябе на дарозе

У Івацэвічах выратавалі бусла, які замярзаў на вуліцы. У МНС дапамаглі не адразу

Каментары да артыкула