Вуліцу ў Берліне прапанавалі назваць у гонар Марыі Калеснікавай
2.02.2024 / 16:54
Фонд свабоды Акселя Шпрынгера прапанаваў перайменаваць участак вуліцы каля амбасады Беларусі ў Берліне ў «вуліцу Марыі Калеснікавай». Адпаведная петыцыя з'явілася на сайце change.org, паведамляе Bild.
Марыя Калеснікава і Максім Знак на судзе
Фонд свабоды Акселя Шпрынгера прапануе перайменаваць участак вуліцы каля амбасады Беларусі ў Берліне (Am Treptower Park 31) на Maria-Kolesnikowa-Street.
«Мы ўсведамляем, што працэс афіцыйнага перайменавання вуліц — ці частак вуліц, як у гэтай кампаніі — можа быць доўгім і цяжкім. Аднак паводле закону гэта магчыма, і мы хочам зрабіць рашучы крок. Для палітвязняў гэта больш, чым проста вулічны знак», — гаворыцца ў тэксце петыцыі.
Петыцыі аб перайменаванні вуліц — гэта частка кампаніі «Адрас свабоды» ў абарону палітычных зняволеных, ініцыяванай Фондам свабоды Акселя Шпрынгера ў партнёрстве з «Рэпарцёрамі без межаў», Freedom House, Сусветным кангрэсам свабоды і Цэнтрам Рауля Валенберга.
У верасні 2021 года Марыю Калеснікаву пакаралі 11 гадамі зняволення паводле абвінавачанняў у «змове з мэтаю захопу ўлады», «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».
Чытайце таксама:
Марыя Калеснікава моцна схуднела, а ў Вольгі Маёравай праблемы з горлам
У калонію, дзе сядзяць Калеснікава і Золатава, прывезлі салодкія падарункі ад Лукашэнкі
З'явілася кампанія ў падтрымку палітзняволенага Максіма Знака