Адкрыўся перадзаказ на новую кнігу пра Гары Потэра па-беларуску
23.12.2024 / 17:40
Выдавецтва «Янушкевіч» паведаміла, што 8 лютага 2025 года пабачыць свет кніга «Гары Потэр і Келіх агню», чацвёртая кніга са знакамітай серыі Джаан Роўлінг. З сённяшняга дня на сайце knihauka.com выдавецтва абвясціла папярэдні заказ асобна на чацвёртую кнігу і на ўсе кнігі разам.
Пераклад з англійскай мовы гэтай часткі «Гары Потэра» выканала Алена Пятровіч, мастацкае афармленне Браяна Сэлзніка (ЗША) з адаптацыяй Крысціны Іванцовай.
Кніга змяшчае ажно 712 старонак. Будуць дадрукаваныя ў цвёрдай вокладцы і 3 папярэднія кнігі серыі.
Выдавецтва нагадвае, што атрыманне працягу правоў на беларускае выданне серыі пра Гары Потэра гэтым разам ішло з баямі дзеля таго, што Вялікабрытанія ўвяла строгія санкцыі ў адносінах да Беларусі як краіны-суагрэсара, прытым вельмі прынцыповую пазіцыю заняла сама аўтарка кнігі.
Урэшце з дапамогай калег і сяброў выдавецтву «Янушкевіч» удалося даказаць брытанцам, што выданне «Гары Потэра» на беларускай мове і рэжым Лукашэнкі — з'явы не толькі не тоесныя, але нават супрацьлеглыя.
Але новы кантракт заключаны на даволі жорсткіх умовах. Выдадзеныя па беларуску кнігі Джаан Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на некалькіх пляцоўках: у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве, інтэрнэт-краме knihauka.com, маркетплэйсах Allegro і Amazon. На тэрыторыі Беларусі і Расіі іх прадаваць забаронена, таму поштай выдавецтва туды дасылаць кнігі не зможа.
«Спадзяёмся, што, нягледзячы на гэтыя перашкоды, нашы чытачы на радзіме знойдуць рашэнні, як набыць і атрымаць новыя выданні», — адзначае выдавецтва «Янушкевіч».
Чытайце таксама:
Беларуская літаратура: ілюзія, што ўсе пісьменнікі выехалі
Па-беларуску выйшла кніга, якой натхняўся Караткевіч
«Не хачу шчыльнымі радамі». Альгерд Бахарэвіч знайшоў новую ноту для вечнага плачу аб старонцы
Выдавецтва «Янушкевіч» абвясціла перадзаказ на фантастычную сагу