«Ён на наступны тэрмін не будзе абірацца». Словы Лукашэнкі 26 студзеня аналізуе Мікола Бугай
27.01.2025 / 22:33
Аляксандр Лукашэнка, 26 студзеня 2025 года. Фота Ali Cura Anadolu via Getty Images
Не ведаю, ці вы яшчэ памятаеце — чатыры гады таму, у студзені 2021 года, «Байпол» апублікаваў аўдыязапіс, зроблены 30 кастрычніка 2020 года. На ім тагачасны кіраўнік ГУБАЗіКа, а цяпер намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў абгрунтоўваў перад сваімі падначаленымі, чаму для здушэння пратэстаў павінны быць ужытыя самыя жорсткія метады.
Пасля ўсяго, што было ў 2020-м, пасля Рамана Бандарэнкі, гэта ўжо не дзівіла. Звяртала ўвагу іншае.
Па нюансах тону і аргументах Карпянкова адчувалася, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа не гараць, не рвуцца гэта выконваць.
І тады прагучаў такі пасаж:
«Прэзідэнт сказаў яшчэ, што да снежня месяца з усімі вось гэтымі момантамі, якія на вуліцы ёсць, трэба разабрацца і разабрацца жорстка. Усім усё патлумачылі, прапанаваная Канстытуцыя. Ён таксама сказаў, што ён на наступны тэрмін не будзе абірацца. Па-простаму, па-людску, па-мужчынску казаў».
Счытвалася гэта так: сілавікі таксама між сабою пагаджаліся, што вінаваты ва ўсім тым Лукашэнка. Бо пераседзеў, бо адстаў ад часу. Бо ягонае некампетэнтнае кіраванне стаміла ўжо народ (гэта ж быў кавід, які забраў жыцці 90 тысяч чалавек), а ім, сілавікам, цяпер даводзіцца ўсё гэта разграбаць і адчуваць на сабе народны гнеў. Што сілавікі, прынамсі частка іх, сістэму то хацелі б захаваць, але з іншым чалавекам на чале.
І вось тады Лукашэнка, каб супакоіць сілавікоў, скарміў ім гэтую думку: «ён на наступны тэрмін не будзе абірацца».
Але ж, як мы даведаліся 26 студзеня, Наталля Іванаўна не дазволіла, «я яе такой ніколі не бачыў. Як так? Вы што, нас кідаеце?»
Выбары 2025 года запомняцца Умкам, які абасцаў сцяну ўчастка. Гэта ж свядома, не проста так — Умка.
І была запамінальная заява пра рот.
«Я да таго, што калі нікому нельга закрываць рот, то, можа быць, пара адкрыць камеры і выпусціць усіх палітвязняў. І Марыю Калеснікаву, і Сяргея Ціханоўскага…» — падлавіў Лукашэнку на слове журналіст Бі-бі-сі Стыў Розенберг.
«Зноў ты пра Марыю, божа мой… Ты кажаш пра закрыванне рота ці пра закрыванне кагосьці ў турме? Ну, калі пра рот — гэта адно. Але калі пра турму — гэта для тых, хто занадта шырока адкрыў рот», — адказаў яму Лукашэнка.
Радаснага мала ў такім жыцці, пры якім трэба ўвесь час думаць, наколькі шырока ты адкрыў рот (і пры якім табе камандуюць, як адкрываць рот). Мала каму такое жыццё падабаецца, бо трактоўка таго, шырока ці вузка ты адкрыў, законам жа не прапісаная, залежыць ад абставін.
Мы можам колькі хочаш нагадваць, што грамадства і эканоміку рухаюць наперад людзі творчыя, прадпрымальныя, нешаблонныя, а для такіх несвабода, заткнуты рот — невыносныя. Але сістэма, збудаваная Лукашэнкам, мала залежыць ад звычайных людзей.
На фінальным канцэрце «Марафону» ў адной ложы з Лукашэнкам сядзелі нават не Качанава, і не Галоўчанка, і не генералы, а Коля, Шэйман, Абельская і Баскаў.
«Што тут непанятнава?» — кажучы Лукашэнкавай мовай.
Сітуацыя нязменная. Хто хоча жыць у Беларусі, павінен памятаць пра рот. Не гаварыць лішняга. Рабіць тое, што паложана. А ўзамен табе нешта будзе — капеечная камуналка, танны хлеб, чыстыя вуліцы. Амаль усе ўжо гэта зразумелі. Вось чаму Лукашэнка з аптымізмам глядзіць у будучыню. І «паміраць не збіраецца» (гэта першае, што ў яго вырвалася, калі спыталі, ці апошнія для яго гэтыя выбары).
2025-ты адрозніваецца ад 2020-га ў тым ліку і тым, што цяпер не ўявіць сабе, каб начальнік ГУБАЗа ўгаворваў афіцэраў, абяцаючы, што гэта ўжо апошні тэрмін, далей усё гэта спыніцца. Не, і пасля выбараў не спыніцца. Пакуль Расія не аслабне — не спыніцца.