БЕЛ Ł РУС

Навука і тэхналогіі

Матэрыял для лепшага захавання энергіі знайшлі ў нечаканым месцы

30.01.2025 / 22:14

Nashaniva.com

Навукоўцы з Германіі знайшлі даволі нестандартны і экалагічны спосаб для павелічэння даўгавечнасці акумулятараў.

Ілюстрацыйная выява лаванды. Фота: pixabay

Літый-іонныя батарэі сёння з'яўляюцца найбольш распаўсюджанымі відамі акумулятараў на сусветным рынку. Аднак літый і кобальт, што выкарыстоўваюцца ў гэтых батарэях, дарагія, а іх здабыча шкодзіць навакольнаму асяроддзю і часта суправаджаецца парушэннем правоў рабочых, эксплуатацыяй дзіцячай працы і ваеннымі канфліктамі. Але ёсць альтэрнатыва — натрыева-серныя батарэі, якія, наадварот, значна таннейшыя, больш даступныя і экалагічныя.

Галоўны мінус натрыева-серных батарэй — іх меншая ёмістасць і хуткая самазнішчальнасць. Часцінкі серы, якія павінны заставацца на адным баку такіх батарэй (катодзе), хаатычна мігруюць на другі бок (анод), што прыводзіць да страты серы і пагаршае працу батарэі.

Каманда даследчыкаў з Інстытута калоідаў і інтэрфейсаў Макса Планка (Германія) змагла прыбраць гэты недахоп, распрацаваўшы спецыяльны нанаматэрыял для натрыева-серных батарэй на аснове ліналаолу — ключавога кампаненту лавандавага алею.

Ліналаол змог цалкам спыніць працэс хаатычнай міграцыі часцінак серы, высветлілі нямецкія навукоўцы.

Вынікі даследавання паказалі, што натрыева-серныя акумулятары, заснаваныя на новым матэрыяле, захоўваюць больш за 80% першапачатковай ёмістасці пасля 1500 цыклаў зарадкі і разрадкі (у звычайных літый-іонных батарэй зніжэнне ёмістасці да 80% адбываецца ўжо пасля 300—500 такіх цыклаў). 

Навукоўцы ўпэўненыя, што гэта адкрыццё можа прыцягнуць увагу энергетычных кампаній і паскорыць пераход да большага выкарыстання натрыева-серных батарэй. Гэта сведчыць пра тое, што рашэнні для энергетычнага пераходу могуць быць знойдзеныя там, дзе іх найменш чакаеш — нават у звычайнай лавандзе.

Чытайце таксама:

Створаны заплечнік, які амаль цалкам зніжае вагу рэчаў

Вялікая батарэя зможа забяспечваць энергасілкаваннем увесь ваш дом амаль тыдзень

Інданезійскія даследчыкі прыдумалі, як выкарыстоўваць кававую гушчу ‒ рабіць акумулятары для электрамабіляў

Каментары да артыкула